«Абурае, што нават у 2025-м Меркель не хоча прызнаць: дамаўляцца з Пуціным не было пра што»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч – пра інтэрв’ю экс-канцлера Германіі, у якім яна сказала, што ў 2021-м Польшча і краіны Балтыі перашкодзілі правесці перамовы з Расіяй.

– У інтэрв'ю Меркель абурае нават не тое, што яна хацела дамаўляцца з Пуціным у 2021 годзе, а тое, што нават у 2025-м, пасля таго, што адбылося за апошнія хутка ўжо 4 гады, яна не хоча прызнаць, што дамаўляцца з гэтым чалавекам не было пра што абсалютна, – піша Пашкевіч. – Ён прызнае і паважае толькі сілу.

Прынцыповае рашэнне прынамсі адносна захопу Украіны і Малдовы ім тады ўжо было прынята, і нішто б яго не спыніла. І якраз Польшча ды краіны Балтыі мелі рацыю, калі гэта і тады ўжо разумелі і іншым тлумачылі.

А не тыя, хто насіўся ці носіцца з Пуціным як з пісанай торбай, думаючы, што яго можна спакусіць нейкімі эканамічнымі плюшкамі і тым пазбегнуць вайны не год-два, а назаўсёды.  

Аляксандр Пашкевіч

Меркель шкадуе, што вось кавід перашкаджаў з Пуціным сустрэцца асабіста і з вока на вока ўсё перацерці – таму і вайна разгарэлася. А так бы, маўляў, сустрэліся і дасягнулі кампрамісу.

Ну вось няўжо дагэтуль не зразумела, што адзіны «кампраміс», які тады задаволіў бы Пуціна – толькі калі б Захад здаў яму Украіну без бою? Што Пуцін і ягонае атачэнне пляваць хацелі на дыпламатыю?

І што вайна была б па-любому – калі не ў 2022-м, то ў 2023-м, 2024-м ці 2025-м, але была б. Проста таму, што Пуцін да яе свядома і мэтанакіравана рыхтаваўся, а саступкі пасля задушэўных размоў яго не спынялі б, а якраз натхнялі б.

Проста задачы ваенныя мяняліся б, удары перанакіроўваліся б на іншыя цэлі, на іншыя краіны – толькі і ўсяго.

Я не думаю, што Меркель насамрэч проста недалёкая дурніца – каб яна такой была, то не кіравала б Германіяй аж 16 гадоў. Усё яна, канешне, добра разумее. Вось толькі прызнаваць свае памылкі не хоча, на іншых адказнасць перакладае. І добра, калі гэта толькі з-за самалюбства, а не з-за незакрытых інтарэсаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)