Па-першае, я не лічыў сябе вінаватым ажно да з’яўлення крымінальнай справы. А па-другое, з 2020 года ўжо прайшло дастаткова часу. Здавалася, каго вельмі хацелі, таго забралі, асудзілі, пасадзілі.
Ігар Карней: Можа, мне дзякуй яшчэ сказаць, што не расстралялі, як у 1930‑я гады, а проста выкінулі з краіны?
Былы журналіст «Радыё Свабода» у вялікім інтэрв’ю БАЖ — пра свае «турэмныя ўніверсітэты».
Былы журналіст «Радыё Свабода» Ігар Карней стаў адным з 14-ці палітвязняў, вызваленых і выдвараных за межы Беларусі 21 чэрвеня. Асуджаны амаль на 4 гады зняволення, ён адседзеў два.
«Тэксты не былі падпісаныя, а значыць, маглі і дзвесце прыпісаць мне»
— У сярэдзіне 2023 года стала відавочна, што спецслужбы прыйдуць да кожнага журналіста, да якога дацягнуцца рукі. Ты не думаў з’ехаць з краіны?
— У мяне не было праблемы з’ехаць — ні да таго моманту, ні задоўга да таго. І нават прапановы паступалі. Але мяне стрымлівалі два фактары.
Некаторыя людзі супакойваліся ўжо ў 2021 годзе, нехта — у 2022, што гаварыць пра далейшы час. Здавалася, можна трохі расслабіцца, але, як аказалася, у сілавікоў і судовай сістэмы былі свае планы.
Наступнае затрыманне і прысуд аказаліся непрыемным «сюрпрызам», хаця і чаканым. Жыццё паказала, што прыйшлі за ўсімі, незалежна ад таго, хто больш сябе афішаваў, хто менш. Пацярпелі ўсе.
Назіралася яшчэ адна тэндэнцыя: найбольш лютавалі раённыя суды ў Мінску. Возьмем артыкул 361 КК (удзел у «экстрэмістскім» фармаванні), пакаранне па якім вагаецца ад двух да шасці гадоў: яны імкнуліся накінуць вырак у чатыры, а то і пяць. Кожны суд выдзяляўся сваёй «суверэннасцю».
— Калі вы зразумелі, што пагражае крымінальная справа? І якім чынам да яе падшылі БАЖ?
— Калі за мной прыйшлі супрацоўнікі КДБ, стала ясна, што назад шляху няма.
Праўда, яны казалі: моцна не развітвайся з сям’ёй, адседзіш 10 сутак, а там следства разбярэцца. Але цудаў не бывае: нават калі першы раз і атрымаеш суткі, то не факт, што наступны раз не стане крымінальным.
БАЖ увогуле стаў вялікай неспадзяванкай. Падчас ператрусу супрацоўнікі КДБ паказалі пастанову па агульнай справе «масавыя беспарадкі», заведзенай у 2021 годзе, па якой праходзілі дзясяткі тысячаў беларусаў. Там пералічвалася вялікая колькасць артыкулаў, якія пазней выводзіліся ў асобныя справы.
Я думаў, як і многім, мне інкрымінуюць артыкул 342 (удзел у масавых беспарадках). Але на дзясяты, апошні дзень адміністрацыйнага арышту, мне прынеслі пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па артыкулу 361 прым.1 частка 1 — саўдзел у «экстрэмісцкай» дзейнасці. Тады яшчэ не было расшыфравана, што азначае фармулёўка, якія медыі фігуруюць у крымінальнай справе, можна было толькі гадаць.
Пасля дзесяці сутак мяне перавялі з Акрэсціна ў СІЗА №1 на Валадарскага. Праз некалькі дзён прыйшла следчая і паведаміла, што крымінальная справа распачатая за супрацоўніцтва з БАЖ. Ужо сталі вядомыя вынікі ўзлому камп’ютараў, тэлефонаў, абнародаваныя перапіскі з іншымі людзьмі — на гэтай падставе мяне і абвінавацілі.
Асацыяцыя ў канцы лютага была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем», а на сайце КДБ адпаведная інфармацыя з’явілася толькі 7 сакавіка: цэлы тыдзень ніхто не ведаў, што БАЖ, якая да таго працавала 25 гадоў без усякіх перашкодаў, з афіцыйнай рэгістрацыяй, раптам стала «экстрэмісцкім» рэсурсам.
І толькі напрыканцы следства адно з абвінавачанняў перакваліфакавалі з «саўдзела ў экстрэміцкай дзейнасці» на «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні». Дапусцілі палёгку, так бы мовіць, бо саўдзел можа мець рэцыдыў, а паўторнасць злачынства — гэта фактар, які ў вачах закона робіць яго больш цяжкім.
— Абвінавачанне грунтавалася на канкрэтных тэкстах ці на перапісцы?
— Супрацоўнікі КДБ адабралі больш за паўсотні матэрыялаў, аўтарства якіх прыпісвалася мне. Пры тым што гэтыя тэксты не былі падпісаныя, а значыць, маглі адшукаць не 50, а ўсе сто ці дзвесце тэкстаў і прыпісаць іх мне.
Усе яны былі накіраваныя на экспертызу (безадносна да аўтарства) — ніводзін з іх не прызналі ні абражальным, ні недакладным, ні сфальсіфікаваным. Але адна справа — высновы экспертаў, і зусім іншая — высновы следства.
А следства вырашыла, што «быў факт супрацы з экстрэмісцкім фармаваннем».
У выніку Мінскі гарадскі суд прызначыў вырак: тры гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Выдварэнне з Пішчалаўскага замка і паўгода ШІЗА ў Шклове
— Вы прайшлі праз некалькі казённых дамоў: Акрэсціна, Валадарка, Шклоўская калонія, Мазырскае і Магілёўскае СІЗА…
— Давайце палічым разам. Спачатку 10 сутак правёў на Акрэсціна, затым мяне перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага. Якраз у гэты час Валадарка загадала доўга жыць.
Я фактычна стаў адным з апошніх сядзельцаў, каго ўжо выдваралі з Пішчалаўскага замка: ён знаходзіўся ў аварыйным стане, вежы трымаліся толькі на сцяжках.
Адтуль мяне перавялі ў турму №4 Магілёва. Пасля двух з паловай месяцаў чакання разгляду апеляцыі (натуральна, яе не задаволілі) мяне перавезлі ў Шклоўскую калонію №17.
У Шклове я амаль не бываў у атрадзе, бо свае паўгода правёў у ШЫЗА і памяшканні камернага тыпу (ПКТ). І там жа, у Шклове, мяне асудзілі па артыкулу 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі ўстановы) і дадалі да першага выраку 10 месяцаў.
Адтуль мяне ізноў вярнулі ў Магілёў, але ў іншае крыло — у камеру для рэцыдывістаў. Такім чынам у адно імгненне я стаў злоснікам, рэцыдывістам і страгачом.
З Магілёва мяне перанакіравалі ў СІЗА №3 Гомеля, адкуль пераразмеркавалі ў Мазыр. Хаця ён у маіх планах зусім не фігураваў: супрацоўнікі Шклоўскай калоніі казалі, што хутчэй за ўсё паеду ў Горкаўскую калонію строгага рэжыму.
У Мазыры літаральна тыдзень прабыў у каранціне, адкуль на 30 сутак мяне кінулі ў ШЫЗА. Менавіта тут нечакана, першы раз за два гады, я цэлыя два месяцы прабыў пад небам — па-за межамі чатырох сценаў.
А пасля адбылася зусім нечаканая акцыя, якую і кваліфікаваць немагчыма: памілавання я не пісаў, і ніякіх афіцыйных папер аб вызваленні на руках не маю. Адбылося элементарнае выдварэнне за межы краіны.
— Трэба разумець, найгоршыя ўмовы ўтрымання якраз у Шклоўскай калоніі?
— Яны былі найгоршыя з дзвюх прычынаў. Па-першае, Шклоўская калонія цалкам кантралюецца сілавікамі, уся ўлада там належыць унутраным войскам.
А па-другое, там вельмі моцны ціск на палітвязняў. Фактычна з першага дня каранціну пачынаецца прэсінг, штучнае навешванне парушэнняў, прычым па драбязе.
Бачыш 10 разоў на дзень супрацоўніка адміністрацыі — 10 разоў мусіш павітацца фразай «Здравствуйте, гражданин начальник». Інакш — парушэнне. Кожнае цягне за сабой пакаранне, якое, як правіла, прызначае сам начальнік калоніі.
Пакаранне азначае пазбаўленне чалавека ўсякіх выгодаў. Атрымліваецца, дзясяты прафілактычны ўлік, пад які падводзяць усіх «экстрэмістаў», цягне за сабой «обезжиривание» на мове зэкаў.
То бок, цябе пазбаўляюць усяго: кароткатэрміновага спаткання, пасылак і перадач, доўгатэрміновага спаткання. Адначасова абмяжоўваюць тваё права карыстацца калектыўнымі прасторамі: забарона на наведванне спартыўнага гарадка, царквы, вельмі моцна абмяжоўваюць наведванне бібліятэкі.
«Ажно 22 сведкі расказвалі пра мае «злачынствы»
— За што вам накінулі дадатковыя 10 месяцаў турмы? Судзілішча праходзіла ў той жа Шклоўскай калоніі.
— Спачатку кінулі ў штрафны ізалятар на 5 сутак. Пасля гэтага чатыры з паловай дні я прабыў у атрадзе, і пачалося. Дадалі яшчэ пяць сутак, на шостыя не выпусцілі, а на сёмыя працягнулі аўтаматычна. І тады першы раз далі мне памяшканне камернага тыпу.
Рашэнне прыняў адзін з фігурантаў нядаўняга расследавання па Вітольду Ашурку — гэта намеснік начальніка калоніі па рэжымнай рабоце Маскалёў. Дарэчы, у Шклоўскай калоніі я сядзеў у камеры Вітольда Ашурка (прынамсі, мне так казалі).
Усе пакаранні даваліся за адно і тое ж — нібыта за адмову выконваць пэўную працу. Напрыклад, калі ты сядзіш ужо ў ШЫЗА, табе дадаткова хочуць прыпісаць яшчэ нейкае парушэнне.
Самае папулярнае — кепска прыбраў камеру. Ці няправільна зрабіў даклад, не назваў колькасць сядзельцаў у камеры. А якая колькасць, калі ты сядзіш адзін?
Нешта не спадабалася — табе выпісваюць парушэнне, якое патрабуе пакаранне. А самае папулярнае пакаранне ў такой сітуацыі — пазачарговае дзяжурства.
Як правіла, гэта падмятанне ў прагулачным дворыку (калі гэта ПКТ), а калі ты адмаўляешся выносіць смецце, то ты ледзь не прапагандуеш крымінальныя традыцыі. Бо паводле іх, прыборка прыбіральняў, смеццем займаецца асаблівы кантынгент. І калі ты адмаўляешся — значыць, ты прапаведнік крымінальных устояў.
Калі збіраецца шмат пакаранняў, то цябе запісваюць у злосныя парушальнікі. У мяне спачатку было ШЫЗА, затым другое ШЫЗА, трэцяе — ПКТ, пасля месяца ПКТ мне даюць яшчэ адно ШЫЗА (забіраюць матрас, даводзіцца спаць на дошках).
За ўвесь комплекс парушэнняў (здаецца, 12 штук) далі ў плечы яшчэ пяць месяцаў ПКТ.
Я мусіў выйсці з ПКТ 26 студзеня — на дзень прэзідэнцкіх выбараў. Зразумела, што ніхто мяне не выпусціў (як можна ў такі дзень выпусціць «экстрэміста»!).
Перад вялікімі выходнымі ў лістападзе прыехаў следчы з «палажняковым» адвакатам (прызначаным, бясплатным) і заяўляе, што на мяне пачатая крымінальная справа па 411 артыкуле — злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі.
Як аказалася, справа заведзеная яшчэ 11 кастрычніка, а яны паведамілі паставілі мяне перад фактам амаль праз месяц — калі справу трэба было або закрываць, або прад’яўляць абвінавачанне.
На 11 снежня прызначаюць суд. У калонію са Шклова прыехаў суддзя Аляксандр Тараканаў, пракурор прысутнічаў, сакратарка — стварылі ілюзію судовага працэсу. Усё праходзіла ў штабе. Я быў у робе: на грудзях надпіс ШЫЗА, на спіне ШЫЗА, штаны неверагодных памераў, падвязаныя вяроўкай, каб не зваліліся.
Мяне судзілі цэлы дзень, таму што ажно 22 сведкі расказвалі пра мае «злачынствы». Усе яны — супрацоўнікі калоніі, ад ужо згаданага Маскалёва да шэраговага кантралёра.
Расказвалі, што я не праявіў жадання выправіцца, не ўдзельнічаў у культ-масавым жыцці зоны, што ігнараваў ўсе іх мерапрыемствы. Але пры гэтым не было сказана, што я знаходзіўся ў каменным мяху…
Аднак з‑за вялікай колькасці сведак не ўклаліся ў адзін дзень, таму прысуд перанеслі на 13 снежня. Пракурор запатрабаваў максімальны тэрмін па артыкулу 411 — адзін год пазбаўлення волі.
Я трымаў вялікую прамову на беларускай мове. Яны трохі разгубіліся, бо, відаць, у Шклоўскай калоніі ўпершыню прагучала беларуская мова. А суддзя, паслухаўшы мяне, даў слабіну і прысудзіў мне дзесяць месяцаў. Хаця непалітычным сядзельцам (махлярам, напрыклад) звычайна прызначаюць 3–4 месяцы, максімум паўгода.
І ўжо літаральна 15 снежня мне загадалі рыхтавацца на этап, якім мяне і адправілі ў Магілёў.
«Хай сабе і забойца, але ён не прэтэндуе на тваю ўладу»
— Што аказалася самым цяжкім выпрабаваннем за два гады, якія вы правялі ў зняволенні?
— Я заўсёды знаходзіўся ў атачэнні вялікай колькасці людзей: журналісцкая праца — гэта сустрэчы, новыя ўражанні, камандзіроўкі. А яшчэ ў мяне вялікая сям’я, дзеці — увесь час тлум.
А тут кідаюць у ШЫЗА, у ПКТ, дзе ўвесь час знаходзішся адзін. Каб разнервавацца, хапае 5–10 дзён. Але калі праходзіць 50 дзён, 100 і 150, а ты ўвесь час адзін, то можна і звар’яцець.
Так, прыходзяць начальнікі і патрабуюць справаздачы, але яны займаюць 5 хвілінаў.
А ў ПКТ выводзяць яшчэ на вельмі кароткія прагулкі — хвілін на 20. Але перад ёй яшчэ шманаюць паўгадзіны.
То бок, штодня ты распранаешся дагала: паказваеш рот, язык, машонку падымаеш, тры разы прысядаеш: а раптам ты ў задні праход тарпеду якую засунуў? Прыніжэнне чалавечай годнасці там як норма.
Па ізалятары перасоўваешся ў скурчанай позе: рукі максімальна ўверх, галаву максімальна ўніз. У турмах так водзяць асуджаных да пажыццёвага зняволення, а на вочы яшчэ адзяваюць маску.
Прычым не толькі на прагулцы ў дворыку, а нават у душ — абавязкова ў масцы. Дзіўныя перастрахоўкі, прычым у турме агульнага рэжыму. Аказалася, што на строгім рэжыме стаўленне да зняволеных больш памяркоўнае.
Абмежаванні — таксама вельмі непрыемная рэч. Забойцаў, гвалтаўнікоў, махляроў у буйных памерах, як правіла, не робяць злоснікамі, яны не абмежаваныя ў спатканнях, без праблем пішуць лісты дахаты і ніхто іх не цэнзуруе. І могуць атаварвацца на суму да 10 базавых велічыняў.
А ты свае няшчасныя 80 рублёў спрабуеш размеркаваць так, каб хапала на месяц. Абсалютна перадузятае стаўленне да палітычных.
— Гэта ініцыятыва мясцовых адміністрацый ці агульнае правіла?
— Гэта агульнае правіла. Ва ўмовах СІЗА гэта менш акрэслена, бо ты яшчэ не асуджаны. А на зонах усё вельмі агаляецца: «экстрэмісты», жоўтабірачнікі — па адзін бок, а ўсе астатнія — лаяльныя, якія не ўяляюць небяспекі для адміністрацыі, чытай, для дзяржавы. Логіка такая: хай сабе і забойца, але ён не прэтэндуе на тваю ўладу. І ён заехаў на зону як просты бытавік, які расправіўся або з суседкай, ці з жонкай.
— Ці часта вы сустракалі іншых «экстрэмістаў» за гэты час?
— Увогуле, на агульным рэжыме вельмі шмат «экстрэмістаў». Гэтыя людзі, як правіла, першаходы, а на строгім рэжыме сустракаюцца рэцыдывісты, якія, да прыкладу, па маладосці сядзелі за хуліганку, а на старасці гадоў заехалі за выказванне ўласнай пазіцыі.
Вельмі папулярныя 368‑ы, 369‑ы артыкулы (крытыка службовых асобаў і прэзідэнта). Людзі трапляюць у зняволенне літаральна ні за што: за лайк ці іншую эмоцыю. Самы распаўсюджаны тэрмін зняволення — 3–4 гады.
Але ёсць і велізарныя тэрміны, якія даюць групам людзей. Вельмі не любяць анархістаў, іх, як правіла, нават у атрад не адпраўляюць: яны ўвесь час у ПКТ, да іх бясконца могуць прымяняць 411‑ы артыкул.
І да журналістаў не найлепшае стаўленне: у краіне павінны быць толькі праўладныя, а ўсе астатнія медыйшчыкі для іх — тая ж апазіцыя, якая толькі і думае, як расшатаць дзяржаўны лад і дэстабілізаваць грамадства.
«У жонкі шок, і у мяне такі ж самы»
— Калі і як вы даведаліся пра цяжкую хваробу жонкі?
— Яна сама напісала ў лісце пра хваробу. Спачатку паведаміла пра перапады тэмпературы ад вельмі высокай да нізкай. Але тады яшчэ не было дыягназу, думала, узроставыя перамены. Але ў канцы кастрычніка яна здавала кроў (штогадовая працэдура), аказалася, што аналізы не вельмі добрыя. Дадатковыя абследаванні паказалі на анкалагічнае захворванне.
Я якраз сядзеў у ізалятары. Там харошыя думкі не з’яўляюцца ўвогуле, а гэтая навіна мяне канкрэтна прыбіла.
Гэта быў самы цяжкі перыяд за два гады: я не магу нічым дапамагчы, нават патрымаць яе за рукі ці абняць і суцешыць. У жонкі шок, у мяне такі ж самы. Мала таго, што я нічым дапамагчы не магу, дык яшчэ і сяджу дармаедам на шыі сям’і.
Якраз тады, літаральна па гарачых слядах, нада мной зладзілі суд, чым дабілі яшчэ больш. З канца кастрычніка да самага прысуду ў сярэдзіне снежня — вось самы цяжкі перыяд майго зняволення, два месяцы поўнай дэмаралізацыі.
Пазней жонка пачала лячыцца і стала зразумела, што ўсё-такі еўрапейская медыцына здольная трохі суцішыць жарсці. На жаль, мы ўжо маем сумны досвед: мой бацька памёр ад анкалогіі, яе бацька таксама — усё гэта моцна ціснула.
— Як у вас са здароўем цяпер? Колькі вы страцілі за часы турэмнага зняволення?
— Перад арыштам я важыў 97 кілаграмаў. А зараз я праходзіў медкамісію — 79 кілаграмаў. Гэтыя 17 кілаграмаў адчувальныя: і ў целе, і ў твары ёсць бачныя змены. Але зараз пачынаю ад’ядацца.
Са здароўем нармальна. Тады, калі атрымаў дрэнныя навіны ад жонкі, упершыні ў сваім жыцці адчуў, што ў мяне ёсць сэрца. І працуе яно не так, як бы мне хацелася: то шалёна калоціцца, то прападае. Тады я імкнуўся неяк абстрагіравацца, бо там усё роўна ніякай медычнай дапамогі няма.
Адзінае, што ты ўвесь час праводзіш пры штучным святле, таму зрок радыкальна прасеў. На ПКТ даюць тры кніжкі на тыдзень (з магчымасцю выбіраць), і я з раніцы да вечара стараўся ўзмоцнена чытаць. Гэты занятак пагружаў мяне ў паралельны свет, часова сыходзіў ад змрочнай рэальнасці.
— Ці ўяўлялі вы хоць бы прыкладна, што адбываецца за сценамі турмы?
— З цяжкасцю. Больш-менш стабільны тэлевізар мы мелі ў СІЗА на Валадарскага. У Магілёве ўжо не было ніякіх прыёмнікаў. У Шклове ён меўся, але я адсутнічаў: на ПКТ і ШІЗА ніякіх тэлевізараў няма. А ў Мазыры той проста не працаваў.
Інфармацыйная блакада амаль татальная.
«Можа, мне дзякуй яшчэ сказаць, што не расстралялі, а проста выкінулі з краіны?»
— Як вас рыхтавалі да вызвалення і ці рыхтавалі ўвогуле?
— Нічога такога не было. Наадварот, я думаў, што мяне зноў пасадзяць у ШІЗА. Мне сказалі сабраць рэчы і ісці ў зону дагляду на КПП. З улікам таго, што я два месяцы ўжо знаходзіўся ў атрадзе, то зрабіў выснову, што наступіў тэрмін зноў «заязджаць».
Даглядалі паўтары гадзіны: кожны шоў, кожны ліст, усе запісы (тады забралі мой апошні нататнік, астатнія былі знішчаныя яшчэ ў Шклове). Потым закінулі ў адстойнік. Вельмі маленькі пакой, ніякай вентыляцыі, — чакаў доўга, пакуль кругі ў вачах не пайшлі. Яшчэ пакармілі апошні раз (пярлоўка з гарохам — неверагоднае блюда мясцовых кухараў).
Праз пяць гадзін мяне зноў вывелі і па-новаму правялі шмон. Супрацоўнік калоніі сказаў, што я дзесьці «кульгануў», бо дыму без агню не бывае. Праз гадзіну мяне вярнулі ў адстойнік зноў.
Але гэтым разам я нават не паспеў нармальна ачухацца, як мяне выводзяць з рэчамі з адстойніка. Там ужо стаіць намеснік начальніка калоніі па рэжымна-аператыўнай рабоце, побач — супрацоўніца санчасткі, якая трымае маю справу. І тут жа даволі малады чалавек у цывільным, да якога лісліва звяртаюцца супрацоўнікі калоніі.
«Ты же журналист? Просто не могу понять, как это газета называется «Радио Свабода», — кажа намеснік начальніка калоніі. Тлумачу: гэта радыёстанцыя, а не газета.
Потым мне сказалі, што я «ўбываю», і аддалі чалавеку ў цывільным тэчку з маімі дакументамі. Падышоў іншы ў балаклаве, надзеў кайданкі мне на рукі, нацягнуў мяшок на галаву.
Пасадзілі мяне на задняе сядзенне машыны паміж двума чалавекамі. Я яшчэ запытаў, ці далёкі шлях. Яны спрабавалі пажартаваць: у лес.
Я таксама пажартаваў: не было патрэбы афармляць камандзіроўку і браць машыну — тут усюды лес. Сама зона знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Мазыра, пасярод лесу ў палескіх балотах.
Позна ўвечары прыехалі ў Мінск. Мяне адразу павялі ў душ. Аказалася, што камеру ўжо набілі людзьмі, я быў апошні. У асноўным гэта былі замежнікі з пашпартамі Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Японіі, і толькі пару чалавек з беларускімі дакументамі.
А назаўтра нам сказалі прыбрацца раней, ацанілі знешні выгляд (каб быў больш-менш таварны). Мы ведалі, што прыехаў спецпрадстаўнік ЗША ў Мінск, і было зразумела, што пытанне пра палітвязняў так ці інакш узнікне на перамовах.
Раніцай па адным усіх вывелі, разабралі свае сумкі. Пазней аказалася, што ні ў кога няма дакументаў, нават прадуктовыя наборы былі канфіскаваныя з сумак.
Пад Ашмянамі, у лесе, перасадзілі ў аўтобус з дыпламатычнымі нумарамі. Падчас пераклічкі я зразумеў, што побач са мной знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі.
Ужо на мяжы нам уклеілі ў пашпарты візы, і мы без прыгод даехалі да Вільні.
Уладальнікаў замежнага грамадзянства разабралі консулы, а беларусы вымушаны займацца легалізацыяй і пачынаць жыццё з нуля.
Але як можна апусціцца да таго стану, што спачатку людзей ні за што саджаюць у турмы, а потым проста выштурхоўваюць за межы бацькаўшчыны? Без усякага статуса ты аказваешся ў іншай дзяржаве.
Можа, мне дзякуй яшчэ сказаць, што не расстралялі, як у 1930‑я гады падчас барацьбы з «ворагамі народу», а проста выкінулі з краіны?
Гісторыя вяртаецца. Але ХХІ стагоддзі ў Еўропе, да якой Беларусь сябе спрабуе аднесці, гэта проста нейкае цемрашальства. На жаль, Беларусь у гэтым абсурдзе жыве.
Читайте еще
Избранное