Людзі кажуць: я ж ужо адсядзеў свой тэрмін у Беларусі, чаму я павінен сядзець яшчэ ў нейкім лагеры ў Нямечыне? ПТСР — самае меншае, што яны маюць пасля беларускіх катавальняў. А па сутнасці, часам мы адпраўляем людзей на чарговыя тартуры. Гэта паказваюць нават міжнародныя рапарты.
«Калі людзі едуць сем’ямі, іх колькасць будзе значна большай, чым 1300-1400 чалавек»
Юрыстка, праваабаронца Ганна Маціеўская ў інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра лёсы за лічбамі і да чаго трэба падрыхтавацца, калі з-за кратаў у Беларусі выйдуць усе палітвязні.
Прэзідэнт ЗША ўжо некалькі разоў згадваў, што ідзе праца па вызваленні 1300+ беларускіх палітвязняў, і «падобна, іх збіраюцца вызваліці у даволі блізкай будучыні». 11 верасня 52 чалавекі, у тым ліку грамадзяне іншых краін і знакавыя палітвязні, былі вызваленыя з беларускіх вязніц і прымусова вывезеныя ў Літву.

Безадносна спрэчак аб тым, што рэжым Лукашэнкі набярэ новых закладнікаў, калі неўзабаве будуць вызваленыя ўсе, хто ўтрымліваецца ў няволі па палітычных матывах — гэта стане вялікай радасцю і дыпламатычным дасягненнем. Але ж і вялікім выклікам.
Беларускія ўлады не ўтойваюць, што іх мэта — фактычна выдварыць палітвязняў з краіны, зладзіць гэткі «філасофскі параход» нашых дзён. А гэта значыць, што сотні беларусаў па-за іх жаданнем фактычна аднамомантна могуць аказацца ў замежжы без дакументаў, жытла, грошай і гэтак далей. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы і гуманітарныя ініцыятывы да падобнага выкліку, і як могуць адрэагаваць краіны-суседкі ў цяперашніх варунках?
Юрыстка, сузаснавальніца ініцыятывы Partyzanka Ганна Маціеўская адзначае ў каментары «Салідарнасці», што гаворка ідзе пра цэлы комплекс выклікаў. І фінансавая падтрымка — далёка не самы важны складнік.
— З майго досведу, першасна заўжды ідзе пытанне дакументаў, а ўжо другасна — інтэграцыі. Ужо сёння шмат беларусаў — былых палітвязняў — сутыкаюцца з цяжкасцямі прававой сістэмы, пачынаючы ад таго, якая дзяржава і якім метадам прыме гэтых людзей.
Прыкладам, незразумела: калі Польшча зачыніць мяжу з Беларуссю (ужо зачыніла гэтай ноччу, — С.), ці будзе яна выконваць гуманітарныя абавязкі, ці гатовая прыняць групу людзей, калі іх прывязуць на мяжу — альбо ўсіх уцекачоў будуць разгортваць назад?
Што не прадбачылі складальнікі дублінскага рэгламенту
Вось яшчэ адна акалічнасць. Улетку групу, па сутнасці, дэпартаваных з краіны палітвязняў прывезлі ў Літву. Сюды ж выпхнулі і наступных 52 вызваленых.
Але многія беларусы маюць сваякоў у іншых краінах ЕС — а паводле Дублінскай працэдуры не могуць проста паехаць да іх і атрымаць прытулак (або не маюць прававых падстаў, бо ў чальца сям’і няма міжнароднай аховы, а есць працоўны ці гуманітарны ВНЖ). І людзі вымушаныя заставацца ў першай краіне і чакаць рашэння па міжнароднай абароне.
На жаль, зазначае юрыстка, нават сёння частка краін, якія прымаюць уцекачоў, не разумеюць абставіны беларускіх палітвязняў, менавіта тое, што нават пасля вызвалення яны застаюцца пад ціскам, наглядам і рызыкай новага пераследу.
Аўтары дублінскага рэгламенту, калі складалі яго, папросту не маглі прадугледзець сітуацыю, у якой сёння апынуліся многія беларусы. Таму праз шматлікія прававыя супярэчнасці нярэдка сем’і не могуць уз’яднацца:
— Я прадстаўляю інтарэсы некалькіх былых вязняў і чальцоў іх сямей, і сутыкаюся з абсалютным неразуменнем сістэмы, — кажа Ганна Маціеўская, — і калі чалавек з’ехаў — у яго ўсё адно няма супакою, няма магчымасці адаптавацца.
У некаторых краінах абавязкова знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў, дзе няма свабоднага доступу да псіхалагічнай дапамогі, агулам умовы досыць цяжкія, яны больш нагадваюць турму, чым месца, дзе можна жыць, інтэгравацца і ачуньваць.
Юрыстка падкрэслівае: пра гэтыя наступствы, пра неабходную прававую падтрымку ў легалізацыі, медычную, псіхалагічную дапамогу, нават прыязнае кам’юніці трэба думаць загадзя. А некаторых былых палітвязняў, разгубленых і агаломшаных зменамі ў жыцці, трэба літаральна весці за руку праз увесь працэс.
«Мы не можам прабіць сістэму»
Варта зазначыць, літаральна днямі Офіс Святланы Ціханоўскай і прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК зладзілі сустрэчу з арганізацыямі і ініцыятывамі дапамогі: прадстаўнікамі праваабарончага цэнтру «Вясна», фондаў «Дапамога» і «Краіна для жыцця», Асацыяцыі палітвязняў Беларусі, Чырвонага Крыжа Літвы і Беларускага дома правоў чалавека.
На ёй абмяркоўвалі акурат падрыхтоўку да магчымых масавых вызваленняў беларускіх палітвязняў, каардынацыю ў неабходнай для іх дапамозе.
— Сцэнарый шырокіх вызваленняў можа стаць рэальнасцю ў любы момант. Таму не павінна быць імправізацыі — патрэбна загадзя падрыхтаваная інфраструктура падтрымкі, каб людзі адразу атрымалі жыллё, медыцынскую, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу, — падкрэсліла прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.
Але ці дастаткова гэтых высілкаў, альбо трэба мацней падключыць і палітычны рэсурс, шчыльней працаваць з МЗС, міністэрствамі ўнутраных спраў іншых краін?
Прыкладам, улетку 2026 года выйдзе новы еўрапейскі пакт, які дазволіць той жа Польшчы ці Літве перанакіроўваць беларусаў, прыкладам, у Данію. А ў гэтай краіне нашы суайчыннікі раней нават не падаваліся на ўцякацтва, бо не было прававых падстаў. А значыць, і разуменне беларускай спецыфікі ў мясцовых міграцыйных службаў, так бы мовіць, вельмі прыблізнае.
І яшчэ адзін аспект, звязаны з колькасцю. Калі маштаб вызваленняў будзе значным — гэта значыць, што для беларусаў запаволіцца працэс легалізацыі, атрымання неабходных дакументаў. Як следства, і медычнай страхоўкі, дазволу на працу і г.д.
За паўгады 2025-га міжнародную абарону ў Польшчы атрымала 1 тысяча беларусаў. Але міграцыйная сістэма ўжо перагружаная, і заяўнікі могуць чакаць рашэння ад 6 да 15 месяцаў, гаворыць Ганна Маціеўская.
У сярэднім на разгляд справы сыходзіць каля году, і ўвесь гэты час людзі жывуць у «падвешаным» стане. А што рабіць асобам сталага веку, у якіх ёсць складанасці з атрыманнем пенсій, хто возьме адказнасць за іх на гэты перыяд?
— Калі людзі едуць сем’ямі, іх колькасць будзе значна большай, чым 1300-1400 чалавек. І мяне турбуе, ці будзе Польшча ўсіх уцекачоў прымаць, ці толькі частку, а частку «возьме» Літва, і як будез ісці гэты падзел, ці будуць улічваць магчымасці адаптацыі людзей, — дадае юрыстка. — Бо ўжо ёсць кейсы, калі чалавека скіроўваюць «па Дубліну» ў іншую краіну, і мы не можам прабіць сістэму, хоць ёсць важкія гуманітарныя прычыны, мы іх абгрунтоўваем, распісваем, прыводзім доказы.
Шчыра кажучы, на маё адчуванне ад лета 2024 года, што разгляд спраў, прынамсі ў Польшчы, адбываецца ўжо проста аўтаматычна.
Мы кажам не проста пра лічбы, але пра жыцці людзей. І яны патэнцыйна могуць стаць ахвярамі бюракратыі. На маю думку, трэба ўлічваць персанальныя гісторыі, глядзець унутр кожнага кейсу беларускіх палітвязняў, каб не атрымалася, што мы самі спрычыняемся да негуманітарных дзеянняў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное