Общество

Вольга Класкоўская, Новы час

«Мы вытрымалі ўсё гэта ў першую чаргу дзякуючы каханню»

З Юляй Лаптановіч, шматдзетнай маці з Пружаншчыны, мы перасекліся ў лістападзе 2021 года ў брэсцкім СІЗА. Хто б мог падумаць, што праз чатыры гады сустрэнемся ў Швейцарыі! За гэты час сям’я Лаптановічаў прайшла праз жахлівыя выпрабаванні, але сёння яны ўсе разам і ў бяспецы.

Іх гісторыя магла б стаць сцэнаром для галівудскай драмы: голас сумлення, пратэст супраць несправядлівасці, расправа карнікаў, пякучая разлука, пакуты ў няволі, моц духу — і шчаслівае, хоць і не ў сваёй краіне, уз’яднанне.

Але пра ўсё па парадку.

У брэсцкае СІЗА мяне тады закінулі ў сувязі з новай крымінальнай справай, а Юля была пад следствам па сямі крымінальных артыкулах. Ужо тады ў яе стала кепска са здароўем, але належным чынам яе, як і большасць палітвязняў, не лекавалі.

Мы сустрэліся зноў у гомельскай калоніі пры канцы 2022 года: мяне ўжо мусілі вось-вось вызваліць (хаця ўпэўненасці і не было, была толькі надзея), а сяброўка толькі заехала адбываць свой тэрмін у ПК-4.

На гэтым нашая сувязь абарвалася, і апошнія навіны пра Юлю я даведвалася ад яе мужа Ігара, які неўзабаве пасля свайго вызвалення летам 2023 года здолеў выехаць з дзецьмі ў Швейцарыю. Тут нас зноў звёў лёс.

Мае сябры, распавядаючы пра жахлівыя выпрабаванні, часам нават усміхаюцца, а я міжволі думаю: «Якія ж мужныя і нязломныя людзі, і як яны гэта ўсё толькі вытрымалі?»

У 2021 годзе сужэнцаў затрымалі, а пазней асудзілі па справе «брэсцкіх карагодаў». Ігар адправіўся ў калонію, а Юлію выпусцілі на «хатнюю хімію».

Але неўзабаве шматдзетную маці зноў разлучылі з трыма непаўнагадовымі дзецьмі. У кастрычніку 2021 года яе зноў арыштавалі і пазней асудзілі па сямі крымінальных артыкулах. Юля атрымала 4 гады і 9 месяцаў пазбаўлення волі, а ў 2025 годзе яе судзілі зноў.

Калі муж і жонка знаходзіліся за кратамі, дзецьмі апекавалася маці Юлі. Неўзабаве пасля таго, як тату з дзецьмі экстранна эвакуявалі, бабулю арыштавалі і асудзілі. Пажылой, хворай на анкалогію жанчыне далі два гады «хатняй хіміі» за нібыта каментар «Белсату». Па гэтай жа справе асудзілі і саму Юлю.

Сяброўка адседзела свой тэрмін ад званка да званка, вызваліся з гомельскай калоніі сёлета ў кастрычніку — з прэвентыўным наглядам — і ў хуткім часе пакінула Беларусь.

«Пра тое, што я з'язджаю, у Беларусі не ведаў ніхто, нават мама. Я выйшла на сувязь са сваякамі толькі праз тыдзень пасля эвакуацыі», — апавядае Юля.

«Муж быў незалежным назіральнікам, а я праўладным»

— Паколькі вялікія падзеі заўсёды адбываліся ў сталіцы, я асабліва не верыў, што мяне ў маленькіх Пружанах у 2020 годзе шмат хто падтрымае, — пачынае размову 38-гадовы Ігар. — Я загарэўся ідэяй стаць назіральнікам на выбарах, бо захацеў убачыць увесь працэс знутры і данесці да людзей праўду.

Юлю паставілі назіраць ад праўладнага Беларускага саюза жанчын, бо ў той час яна была старастай вёскі Белавусаўшчына пад Пружанамі, а таксама працавала ў мясцовай бібліятэцы.

— Ох, ведалі б яны, каго дасылаюць у назіральнікі, — з усмешкай дадае Ігар. — Усё склалася на той момант проста ідэальна: Юля назірала за выбарамі да абеду, а я прыходзіў на ўчастак у другой палове дня.

Сужэнцы кажуць, што свой выбарчы ўчастак яны не пакінулі без назірання ні на хвіліну. Але праз пэўны час улады пачалі ўстаўляць Лаптановічам палкі ў колы.

— Са старшынёй камісіі мы разам вучыліся ў школе, добра адзін аднаго ведалі, яна ўсяго на год за мяне старэйшая. Стаміўшыся ад яе пастаянных заўваг, я вывеў яе ў калідор і кажу: «Слухай, у мяне няма мэты тут кагосьці абылгаць. Мая мэта — убачыць, як тут усё насамрэч адбываецца і данесці гэта да выбаршчыкаў. Калі вам няма чаго хаваць і вы не збіраецеся займацца фальсіфікацыямі, то я вам сябра. Калі ж вы наважыліся фальсіфікаваць вынікі выбараў, то я ваш вораг і ў нас розныя шляхі».

— 4 жніўня 2020 года пачалося датэрміновае галасаванне, — уступае ў размову 37-гадовая Юля. — Ігар кожны дзень фатаграфаваў пратаколы, і мы параўноўвалі спісы. Большасць з тых, хто прыходзіў, мы ведалі ў твар, запісвалі. А калі кагосьці не ведалі, проста ставілі плюсік.

І нават на гэтым этапе колькасць людзей, што прыйшлі на ўчастак, не супадала з пратаколам. Мы з мужам па чарзе ездзілі ў пракуратуру і падавалі з гэтай нагоды скаргі.

Пракуратура іх не разглядала, а перанакіроўвала ў раённую выбарчую камісію, тыя ў сваю чаргу — у нашую. Атрымліваецца, наша камісія разглядала скаргі на саміх сябе. Вядома, ніякіх парушэнняў «выяўлена не было», — дадае былая палітзняволеная.

Былы палітвязень мяркуе, што асноўны ўкід бюлетэняў адбыўся падчас папярэдняга і хатняга галасавання.

— А пры падліку галасоў у асноўны дзень выбараў, 9 жніўня, сакратарка камісіі, мажная такая жанчына, устала і закрыла сабой стосы бюлетэняў. Штосьці яны там хімічылі, і калі яна адышла, стосы былі перайначаныя. Адразу за пару хвілін яны ўпісалі вынікі ў пратакол, усё «сышлося», усе задаволеныя. Вядома, паводле іх «падліку» перамог Лукашэнка. Неймаверна гнюсная фальсіфікацыя, — абураецца былы палітвязень.

Народнае паўстанне ў Пружанах

У гэты час каля будынку, дзе адбываўся падлік галасоў, пачалі стыхійна збірацца людзі. Да іх выйшаў Ігар, абвесціў ім вынікі, паказаў фотаздымкі. Пружанцы абураліся падтасоўкай.

Муж і жонка згадваюць, што пратэстоўцы пачалі збірацца таксама на плошчы ў цэнтры горада, ні ў каго не было ніякага плану, усё адбывалася спантанна, але мірна і спакойна. Людзі абменьваліся думкамі пра тое, што адбылося.

Неўзабаве на плошчу прыехаў аўтазак, да пратэстоўцаў выйшаў намеснік начальніка міліцыі.

— Я пачаў з ім гутарыць і патлумачыў, што быў назіральнікам на выбарах, бачыў фальсіфікацыі і не магу проста так вось зараз пайсці дамоў. Мой абавязак — данесці да людзей, што іх галасы скралі, — кажа Ігар. — У выніку мы нібыта дамовіліся, што паўгадзіны пастаім з людзьмі, а пасля разыдземся. Але праз восем хвілін грамадзян пачалі затрымліваць. Пытаюся ў яго: «Як жа так?» А ён са здзекам: «А я слова афіцэра не даваў!»

Нягледзячы на пагрозы, пружанцы штодня працягвалі збірацца на плошчы, яркія Ігар і Юля таксама не заставаліся ўбаку, да таго ж вывесілі над домам у Белавусаўшчыне вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

«Начальнік РАУС пагражаў аддаць нашых дзяцей у прытулак»

— Мяне затрымалі 12 жніўня за пост у пружанскім чаце. У допісе я назваў прозвішчы старшыні нашай выбарчай камісіі і яе памочніцы і заявіў, што яны нясуць прамую адказнасць за тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. І што ў тым ліку яны вінаватыя ў смерці пратэстоўцаў, — працягвае Ігар.

У РАУСе я параіў начальніку міліцыі звольніцца. А ён мне на гэта: «Ну так, выбары фальсіфікуюцца, так было заўсёды. Табе што, больш за ўсіх патрэбна?»

Ігара ў той дзень усё ж выпусцілі, але ў сакавіку 2021 года арыштавалі па крымінальнай справе. Юлю таксама неўзабаве затрымалі, але адпусцілі.

У жніўні 2021 года Лаптановічаў асудзілі па справе «брэсцкіх карагодаў». Юля атрымала тры гады «хатняй хіміі», Ігар, які цалкам адмовіўся ад дачы паказанняў, — два з паловай гады калоніі. Былы палітвязень адбыў тэрмін ад званка да званка ў ПК-3 «Віцьба».

Сужэнцы кажуць, што самае цяжкое ва ўсіх гэтых выпрабаваннях — расстанне з дзецьмі і асэнсаванне таго, як тыя пакутуюць.

— Тым больш што тагачасны начальнік Пружанскага РАУС Амельянчук адкрытым тэкстам пагражаў, што нашых дзяцей забяруць і аддадуць у прытулак, — апавядае Юля.

«Найбольш балюча было пасля арышту жонкі»

Калі Ігар згадвае пра ўмовы ўтрымання за кратамі, то кажа, што «ўсё адносна». У першай камеры брэсцкага СІЗА, гаворыць мужчына, было больш-менш, але калі яго перакінулі ў падвал з бетоннай падлогай, дзе катастрафічна не ставала кіслароду, гэта ўжо нагадвала катаванне.

— Даведаўшыся пра арышт жонкі ў кастрычніку 2021 года, я быў маральна раструшчаны. Мо тры дні ні з кім увогуле не размаўляў, — згадвае былы палітвязень. — Пасля этапавання ў ПК-4 у «Віцьба» мы пісалі лісты адно аднаму, але вельмі асцярожна, бо яны праходзілі праз падвойную цэнзуру. Больш навінаў пра жонку і дзяцей я даведваўся з тэлефонных размоваў з цешчай. Хаця было няпроста атрымаць дазвол на тэлефанаванні ёй.

Юля згадвае, што калі знаёмілася з матэрыяламі новай крымінальнай справы, то жахнулася ад таго, колькі запісаў было зроблена спецслужбамі ў яе дома. «З аўдыяматэрыялаў вынікае, што жучкі стаялі ўсюды, нават у маёй машыне», — прыгадвае сяброўка.

Падчас турэмнай эпапеі Юля неаднойчы пабывала ў брэсцкім СІЗА. Кажа, што з кожным разам умовы там горшалі: «Закруцілі гайкі цалкам. Пачалі чапляцца за любую драбніцу, вядома, перш за ўсё да палітвязняў. Нельга было нават часова нейкую рэч на нары пакласці — каралі. Прыдзіраліся, што ложак дрэнна запраўлены. А як яго можна роўна заправіць, калі там матрацы перакасабочаныя».

Ігар дадае, што такое ж стаўленне да палітвязняў было і ў «Віцьбе»: «Дадатковыя праверкі, прыдзіркі, адным словам, турма ў турме. Супрацоўнікі называлі нас здраднікамі. Бо мы нібыта пайшлі супраць дзяржавы. Але ж не супраць дзяржавы мы пайшлі, а супраць хлусні, сталі на бок праўды і адстойвалі яе».

Нягледзячы на жахлівыя выпрабаванні, Юля і Ігар зусім не шкадуюць пра свой выбар у дваццатым годзе. Падкрэсліваюць, што ім было б нашмат цяжэй маральна, калі б тады яны спасавалі.

«Дачка мяне не пазнала і адвярнулася»

Пасля вызвалення з калоніі ў чэрвені 2023-га Ігару не дазволілі самому дабірацца дахаты — ад брамы яго забралі міліцыянты і суправадзілі ў Пружанскі РАУС. Маўляў, каб не уцёк.

— Пасля я паехаў да цешчы, бо дзеці былі ў яе. Сыны недзе гулялі, а дачка Саша размаўляла ў пад’ездзе з сяброўкай.

Я заходжу і кажу: «Прывітанне». Дачка кажа: «Добры дзень» і адварочвае галаву. Не пазнала! Я ж да калоніі барадаты быў, а тут раптам стаіць нейкі паголены лысы дзядзька…

Але праз некалькі секунд яна ўсё зразумела. Кінулася на шыю: «Тата!» Цешча пазваніла сынам, кажа, хуценька прыходзьце. І вось прыйшлі мае хлопцы — мы доўга абдымаліся, ох радасць была, — узгадвае Ігар.

Ён кажа, што з’язджаць з Беларусі ў той момант не планаваў. Дадае, што калі б хацеў з’ехаць, то зрабіў бы гэта яшчэ ў дваццатым годзе.

— Мяне трыгернула ў ліпені 2023 года, пасля новага затрымання і сутак. Прычапіліся за нейкую старую падпіску ў фэйсбуку. На сутках у маёй свядомасці штосьці перавярнулася.

Я зразумеў, што могуць зноў пасадзіць, разлучыць з дзецьмі. А пасля выйдзе Юля, і ўжо яна зноў будзе чакаць мяне. І што мы так і захраснем у гэтым вечным кругазвароце чакання адно аднаго...

Я вырашыў з’язджаць. І, дарэчы, вельмі ўдзячны табе, Воля, што ўгаварыла мяне тады з’ехаць і дапамагла нам апынуцца ў Швейцарыі, што ўвесь час падтрымлівала маральна. Лепей так, чым за кратамі і без дзяцей.

Перад эвакуацыяй мы з дзецьмі наведалі Юлю ў калоніі. Развіталіся, яна мяне падтрымала.

Калі мы ўцякалі з краіны, дзеці не ведалі, куды я іх вязу. Рабіў я гэта, каб ў выпадку чаго, калі штосьці пойдзе не так, не давялося ім хлусіць.

Са Швейцарыі мы падтрымлівалі кантакт з Юляй прыкладна раз на месяц. Ёй дазвалялі відэазванкі, я жыў ад званка да званка. Потым Юлі гэтую магчымасць абсеклі.

«Вытрымалі ўсё дзякуючы каханню»

— Мы вытрымалі ўсё гэта ў першую чаргу дзякуючы каханню, — гаворыць Ігар. — Давалі адзін аднаму абяцанні заўсёды быць разам і падтрымліваць адно аднаго і ў радасці, і ў горы. І прайшоўшы праз усе гэтыя выпрабаванні, я лічу мы стрымалі свае абяцанні.

— Як пачуваешся цяпер?

— Ну, турма нікому здароўя не дадае. Пагоршыўся зрок, які і так не вельмі добрым быў. Напярэдадні арышту ўзніклі сур’ёзныя праблемы са спінай, давялося ляжаць пад кропельніцамі. Вядома, за кратамі маім станам ніхто не пераймаўся.

Даруйце за такія падрабязнасці, але быў страх, што скруціць спіну і не змагу хадзіць у прыбіральню ў СІЗА, бо там жа не было ўнітаза, толькі дзірка ў падлозе.

У калоніі запаленні спіны перыядычна таксама ўзнікалі. Я ж працаваў там у прамзоне, у цэху дрэваапрацоўкі. Трэба было штурхаць вялікія бярвенні, распілоўваць іх на брусы. Усё гэта адбівалася на здароўі.

Я звяртаўся ў санчастку. Казаў: «Мне не патрэбны бальнічны, патрэбнае лячэнне». Тэрапеўтка неяк зрабіла ўкол — але ад яго ёсць эфект, толькі калі некалькі разоў гэты лек укалоць. Сказаў ёй пра гэта, дык яна у адказ: маўляў, будзеш абурацца, націсну на трывожную кнопку.

Неяк у санчастку зайшоў новы начальнік калоніі Стурчанка. Запытаўся ў галоўнага доктара: «А што гэта за пакой з лекамі?» Той адказаў, што там захоўваюцца асабістыя лекі асуджаных. Стурчанка ў адказ: «Лечиться будут дома. Сдохнут, так сдохнут».

Падчас адседкі ўзнікла вялікая праблема з зубамі, яны пачалі рассыпацца. Два я яшчэ паспеў вырваць у Беларусі, а чатыры мне ўжо ў Швейцарыі выдалілі. Цяпер займаюся іх аднаўленнем. Але асабліва не перажываю з гэтай нагоды.

Самае галоўнае, што мы ўсе разам цяпер. І на свабодзе, у бяспецы. А зубы… Манку, калі што, буду глытаць, — жартуе Ігар.

«У Швейцарыі зноў перасталі замыкаць дзверы ў кватэру»

— Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўсё змрочна, я працягваю заставацца аптымістам. Светлай будучыні пакуль не бачна з-за хмараў, але ў перспектыве ўсё роўна ўсё зменіцца. Беларусь будучыні бачу дэмакратычнай. У рэшце рэшт перамога будзе на баку праўды.

Цяпер жа дэмакратычныя сілы мусяць найперш спрыяць вызваленню палітвязняў.

Трэба змагацца за кожнае жыццё і не даць людзям памерці за кратамі ці згубіць там рэшткі здароўя — фізічнага і псіхічнага. Жыццё і свабода гэтых людзей — прыярытэт нумар адзін.

Я вельмі хачу заспець тыя часы, калі ў Беларусі людзі больш не будуць баяцца выказваць сваё меркаванне, калі будуць справядлівыя выбары, будуць працаваць законы. Спадзяюся, што мы калі-небудзь зможам туды вярнуцца, хоць нам і падабаецца Швейцарыя.

Дзеці ўжо тут адаптаваліся, размаўляюць па-нямецку, ходзяць у школу, у іх з’явіліся сябры. Дзякуй богу, яны ўжо не баяцца таніраваных бусаў і не заўсёды ўжо замыкаюць дзверы ў нашай швейцарскай кватэры — як некалі ў Беларусі.

Адзіны, хто зноў пачаў зачыняць дзверы на замок і ўвесь час правяраць яго — гэта Юлька.

Дарэчы, вельмі вялікую падзяку хацеў бы выказаць Швейцарыі за тое, што прыняла нас, абараняе і дужа дапамагае з інтэграцыйнымі праграмамі.

Хачу таксама падзякаваць Юлінай сімвалічной хроснай — швейцарскаму палітыку Барбары Гізі. Яна змагалася за Юлю, лісты пісала адміністрацыі гомельскай калоніі.

Шчырая падзяка службе эвакуацыі «Байсола». Я ўдзячны за дапамогу і ў маёй з дзецьмі эвакуацыі, і ў эвакуацыі Юлі.

Вялікі дзякуй «Новаму Часу». За глыток свабоды, што атрымлівалі з ім за кратамі. Я, дарэчы, адзін асобнік «НЧ» праз усю адседку пранёс.

Нізкі паклон і вялікая падзяка маёй цешчы за тое, што аформіла на сябе апеку над унукамі. Не ведаю, як бы мы далі рады самі ў гэтай кашмарнай сітуацыі. Не хачу выказвацца пафасна, але ёй насамрэч трэба помнік пры жыцці ставіць, — дадае Ігар.

«Мне сказалі, што закон у нас мае зваротную сілу»

— Юля, а што за новую крымінальную справу супраць цябе ўзбудзілі ў 2024 годзе?

— Я тады ўжо адбывала тэрмін у гомельскай калоніі. Мяне выклікалі ў спецаддзел і перадалі паперу, што супраць маёй мамы заведзеная крымінальная справа, а я мушу быць этапаваная ў СІЗА Брэста, каб даць паказанні як сведка.

15 верасня 2024 года мяне этапавалі ў Брэст, паказанні супраць мамы я даваць адмовілася. Неўзабаве дакладна такое ж абвінавачванне прад’явілі і мне. Па гэтай жа справе, але яна была вынесеная ў асобную вытворчасць, нас з мамай судзілі асобна за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», па артыкуле 361 частка 2.

Пазней суд перакваліфікаваў другую частку на першую, мама атрымала два гады «хатняй хіміі», а ў мяне адбылося так званае паглынанне аднаго прысуду другім, то бок мне нічога не дадалі.

Калі казаць пра сам сюжэт на «Белсаце» ў дваццаць першым годзе, то гэта сямейнае відэа, складзенае з нарэзак, сямейных фота, на ім дзеці пішуць лісты тату ў СІЗА, кажуць, што яны яго любяць, падтрымліваюць.

На другой частцы відэа паказалі маму: там знясіленая ад гора жанчына апавядае сваю жыццёвую гісторыю, кажа, што дачку з зяцем пасадзілі, а ў яе на руках засталіся малыя дзеці.

Дарэчы, на момант выхаду відэа «Белсат» яшчэ не быў прызнаны «экстрэмісцкім», я казала пра гэта на судзе, але мне заявілі, што «ў нас закон мае зваротную сілу».

«Папракалі, што муж у Швейцарыі, патрабавалі развесціся»

— У гомельскай калоніі было вельмі цяжка, — кажа Юля. — Усялякага хапала. Часта падстаўлялі зэкі, што супрацоўнічалі з адміністрацыяй, падкідалі мне забароненыя прадметы. Я не вылазіла з камісій па пакараннях.

Падкінулі неяк самаробны блакнот, прашыты ніткамі. Кажу турэмнікам: «Я на фабрыцы не швачкай працую, а тэрмааздабляльнікам, у мяне няма доступу да машынкі». Але ж усё роўна пакаралі, хто там будзе разбірацца.

У мяне быў ліміт на атаварку, бо напачатку мяне трактавалі як «абавязаную асобу», а калі муж выплаціў усю запазычанасць за мяне, навесілі мне статус «злосніка» і зноў усталявалі гэты ліміт. Цяжкавата было, бо з-за праблем са страўнікам я амаль не магла есці ў сталоўцы, а набыць штосьці менш тлустае ў атаварцы часта не магла праз ліміт.

Аператыўнік Зюзін асабіста сказаў мне неяк, што спакойна спаць не будзе, пакуль не зробіць з мяне «злосніка», што ён хоча, каб я яшчэ два гады не магла ўбачыць сваіх дзяцей.

Турэмнікі ўвесь час папракалі, што мой муж у Швейцарыі, пераконвалі, што ён даўно забыўся пра мяне, што я нікому не патрэбная, казалі, каб я з ім развялася. Увесь час гралі на нервах.

З лістамі ўсё было вельмі дрэнна, а працягласць званкоў дамоў увесь час скарачалі.

Але я трымалася і заўсёды пра сябе казала: «Не дачакаецеся. Выжыву, абавязкова выйду адсюль і ўз’яднаюся са сваёй сям’ёй. Што нас не забівае, тое робіць нас мацнейшымі».

Дарэчы, што датычыцца фабрыкі — апошнія месяцы перад вызваленнем нас прымушалі працаваць увогуле без выходных, некаторыя брыгады дык у дзве змены. Сапраўднае катаванне, я вельмі стамлялася.

Да таго ж майстар цэху ўвесь час крычала на зняволеных, што адмаўляліся падпісваць паперу аб згодзе працаваць у нядзелю. Выклікала іх у кабінет і прыніжала, абражала,  папракала «палітычнымі артыкуламі».

Я дужа чакала моманту адбою, каб урэшце легчы на нары і проста выцягнуць ногі.

І нікуды ад гэтага пекла нельга было падзецца. Яго трэба было перажыць.

Юля кажа, што палітвязням забаранялі хадзіць у спартовую залу, наведваць забаўляльныя мерапрыемствы і канцэрты ў клубе. Часта каралі невядома за што ўвесь атрад.

Неяк нават прымусілі яе атрад вынесці з чацвёртага паверху ўніз усе скрынкі з прадуктамі і рэчамі. І ў 30-градусную спёку стаяць на вуліцы ў зімовай вопратцы — у целагрэйках, шапках і ботах.

Пасля таго, як Юля пацягала цяжкія скрынкі, у яе зноў абвастрыліся праблемы са здароўем.

Увогуле ўмовы для асуджаных, асабліва для палітвязняў, увесь час пагаршаліся, кажа жанчына. Адміністрацыя ўсю тэрыторыю нашпігавала відэакамерамі, іх усталявалі нават у атрады і лакальныя ўчасткі.

— Падчас «Вектару» (рэжымна-прапагандысцкае мерапрыемства — В.К.). забаранялі пісаць і чытаць. «Мы проста сядзелі і тупа глядзелі ў тэлевізар, дзе паказвалі абы што», — дадае суразмоўца.

У часе дадатковых праверак палітвязням забаранялі стаяць на вуліцы разам, хоць яны і з аднаго атраду. «Вельмі лютаваў опер Кузняцоў. Але, ведаеш, няхай мы застаемся скалечанымі ў плане здароўя, але мы не са скалечаным мозгам, як нашыя каты», — кажа Юля.

«Мне пры аперацыі нешта выразалі, але не сказалі, што менавіта»

Распавядаючы аб праблемах са здароўем, Юля кажа, што падчас зняволення ёй зрабілі тры аперацыі:

— Адна з іх была планавая. А што мне выразалі падчас дзвюх астатніх, не ведаю, мне ніхто не сказаў. З урачамі ў шпіталі канвой мне забараняў стасавацца, а ў санчастцы калоніі сказалі, што мне выдалілі апендыцыт. Але ж калі мяне везлі на другую аперацыю на кішэчніку, высветлілася, што мой апендыцыт на месцы.

Пасля вяртання ў калонію мяне адразу пагналі на фабрыку і нават бальнічнага не далі. Прааперавалі, выпісалі і махнулі рукой. Далейшага лекавання не было.

Задоўга да вызвалення Юля звярнулася ў санчастку за дэталёвай выпіскай з гісторыі хваробы. Але атрымала нейкую фількаву грамату без падрабязнасцяў.

— З бальнічнымі ўвогуле той яшчэ здзек быў. Здаралася, што я на фабрыку хадзіла з высокай тэмпературай, бо бальнічны не давалі.

Балела галава, падскокваў ціск, ванітавала, але таблеткі мне падабраць не маглі. Ад адных у мяне ў брэсцкім СІЗА ў 2025 годзе пачалася алергія, і ўрач мне іх проста адмяніў. Вось і ўсё лячэнне», — згадвае сяброўка.

Юля кажа, што праблемы са здароўем застаюцца і сёння, яны нікуды не падзеліся. Але напачатку, гаворыць жанчына, трэба разабрацца і высветліць, што было зроблена, што выразана, што парушана ў арганізме, бо пакуль ёсць толькі пытанні без адказаў.

Абмалёўваючы свой псіхалагічны стан, сяброўка кажа, што ён розны: бываюць пэўныя ўсплёскі, здараецца, што накочваюць слёзы. Юля заўважае, што стала больш замкнёнай, ёй цяжка сацыялізавацца. Але ўпэўненая, што пры падтрымцы сям’і і сяброў з часам усё абавязкова наладзіцца.

— Калі мы сустрэліся ў аэрапорце пасля столькіх гадоў расстання… Я дзяцей не пазнала! Такія дарослыя сталі! І цяпер для мяне кожны дзень з імі — як першы. Мы нанова знаёмімся адно з адным, — дзеліцца перажываннямі сяброўка.

Калі такая моц у звычайных сумленных беларусаў, то надзея на будучыню не страчана

Юля і Ігар Лаптановічы, захопленыя хваляй палітычнага ўздыму ў 2020 годзе, не адчувалі сябе нейкімі героямі, а проста дзейнічалі, як падказвала сумленне.

Яны з гонарам прайшлі праз усе выпрабаванні. Як і многія ў 2020-м, яны, магчыма, былі трошкі наіўнымі — як і іншыя палітычныя неафіты, што раней не сутыкаліся з лукашэнкаўскай сістэмай і не ўяўлялі, на якую жорсткасць яна здольная, калі рубам стаіць пытанне пра ўладу.

Тым не меней праз усе выпрабаванні гэтыя шараговыя беларусы прайшлі з высока ўзнятай галавой, і вось тут ужо можна казаць пра сапраўдны гераізм, самаадданасць, вялікае каханне і нязломную веру, што яны зноў будуць разам.

Звычайная беларуская сям’я трапіла ў жорны лёсу — і паказала сілу свайго кахання, нязломнасць духу.

Прыклад гэтай сям’і — хаця не дай бог, канешне, прайсці праз такое, выразна паказвае, што ў 2020-м у Беларусі сапраўды адбылася стыхійная народная рэвалюцыя, што б там ні казаў Лукашэнка пра «купку, праплочаную Захадам», «наркаманаў» і «прастытутак».

Лаптановічы не збіраліся быць нейкімі вялікімі дзеячамі, ваяваць за ўладныя крэслы, але жаданне людзьмі звацца падштурхнула іх да палітычнай актыўнасці. І такіх людзей у дваццатым былі дзясяткі, нават сотні тысяч.

Гісторыя сям’і Лаптановічаў, хоць пра яе і вельмі цяжка распавядаць, паказвае сілу духу беларусаў і мацуе спадзеў на тое, што, нягледзячы на шаленства рэжыму, лепшая будучыня краіны не перакрэсленая.

Падтрымаць сям’ю Лаптановічаў можна тут.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(4)