«Нешта ў галаве Лукашэнкі клініць, і кульгавы дыябетык пнецца паказаць, што можа ледзь не бегчы з маладымі»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч – пра спробы правіцеля даказаць, што ён па-ранейшаму знаходзіцца ў добрай фізічнай форме.

У сераду 29 кастрычніка прэс-служба Лукашэнкі паведаміла, што той заслухаў даклады старшыні Нацбанка Рамана Галоўчанкі і кіраўніка Нацыянальнай Акадэміі навук Уладзіміра Караніка. Аднак фота- і відэадоказаў сустрэч не прад'явіла.

Праз два дні падчас паездкі ў Лепельскі раён правіцель адказваў на пытанні рабочых не стоячы, а седзячы на лаве.

 

А тыдзень правіцель скончыў удзелам у хакейным матчы супраць Магілёўскай вобласці.

Лукашэнка, 1 лістапада

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксандр Пашкевіч піша:

– Дзівіць, наколькі Лукашэнка ўпарта і насуперак усялякай рацыянальнасці і здароваму сэнсу чапляецца за ўчарашні, ды нават за пазаўчарашні дзень, спрабуючы невядома каму даказаць, што ён па-ранейшаму волат-здаравяк у фізічным сэнсе.

Нібыта нехта не памятае, колькі яму гадоў, і нібыта на відэа з ягоным удзелам не бачна відавочных праблем са здароўем.

Аляксандр Пашкевіч

Прытым праблемы ж гэтыя не абавязкова крытычныя. Як па мне, пакуль яшчэ не падобна, што Лукашэнка возьме і ўжо заўтра памрэ ці прынамсі зусім знясілее. Але хадзіць яму цяжка, гэта факт, і іншыя хваробы сур'ёзныя ёсць – таксама.

Аднак жа для 71-гадовага чалавека букет хвароб – гэта хутчэй норма, чым выключэнне. І нават калі чалавек у прынцыпе ў форме, то ён у такім узросце ўжо беражэцца, у той жа хакей ужо наўрад ці паляціць стрымгалоў гуляць, нават калі ногі не баляць.

У Лукашэнкі ж яны баляць, і нават, як яму ні было гэта няпроста, аднойчы сам прызнаў, што з суставам праблемы, хадзіць цяжка:

«Я не кажу, што ідэальна. Ну, часам кульгаю, нага баліць. Не могуць мне сустаў адрамантаваць. Ну, я думаю, для прэзідэнта гэта не так страшна. Дзе не пройдзеш, там праедзеш».

Ну і вось, здавалася б, зрабіў гэты «камінг-аўт» – і гара з плячэй, больш не трэба сябе мучыць, выходзячы праз сілу на хакейную пляцоўку, дэманструючы праз маніторы рубанне дроў цэлымі кубаметрамі і іншыя прыкметы непатрэбнай у ягонай статусе фізічнай звышактыўнасці.

Здавалася б, не ходзяць ногі – то сядзі ў крэсле ды камандуй адтуль. Але ж не – нават пасля прызнання нешта ў гэтай галаве клініць, і зноў кульгавы дыябетык з пастаяннай задышкай выжыльваецца ды пнецца паказаць, што ён не толькі гігант думкі, але і можа хоць зараз ледзь не бегчы з маладымі навыперадкі.

Прытым што выглядае не толькі што ані трохі не пераканаўча, а, наадварот, проста кур'ёзна. Але атачэнне яўна яму калі што пра гэта і асмельваецца гаварыць, то толькі ў стылі «прямо, грубо, по-стариковски».

Ці вось зусім нядаўна ён сказаў нібыта між іншым, але з яўным жаданнем патлумачыць сваю рэгулярную адсутнасць у публічнай прасторы па серадах і суботах (што таксама, трэба думаць, тлумачыцца станам здароўя):

«Часам вы мне пішаце цэлы стос гэтых дакументаў, папер — слухайце, з глузду можна з'ехаць. Сераду рэзервуем для таго, каб усё гэта, што назапашваецца на працягу дзён, перачытаць. І суботу».

Здавалася б, ну ок, зноў такі сам сказаў, што па серадах працую з дакументамі і на публіку не вылажу – то хай бы гэта і было афіцыйнай версіяй. Усе будуць загадзя ведаць, што па серадах ягонага фэйса няма ў эфіры, бо і быць не павінна, адныя ўказы падпісаныя са свістам ляцяць веерам.

А чым ён там насамрэч у гэты дзень займаецца, хай ужо пляткараць, рукапажаціе то ў любым выпадку крэпкае.

Але ж не, усё адно па серадах прэс-служба ладзіць спектаклі, што ён нібыта кагосьці там прымае з дакладамі, праводзіць сустрэчы, унікае ў праблемы і дае строгія наказы.

Вось толькі самога яго ніколі не паказваюць, а высокія чыноўнікі барабаняць пра вынікі векапомных сустрэч... у антуражы сваіх уласных ведамстваў. Ну, цырк жа рэальны...

І самае галоўнае – незразумела на каго гэта разлічана нават у прапагандысцкім сэнсе. Ягоным праціўнікам толькі бальзам на душу глядзець на ягоную слабасць, якая тым ярчэй праяўляецца і падкрэсліваецца, чым больш ён імкнецца дэманстраваць нібыта моц.

А ябацек гэтай паказухай таксама не натхніш, бо яны ж таксама не сляпыя. І любяць яго зусім не за хакей, і не за Умку пад бокам на лаўцы. Але калі хто адарваўся ад жыцця, то ўжо «мужик что бык: втемяшится в башку какая блажь — колом ее оттудова не выбьешь».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)