Общество

Паўмільёна рэпрэсаваныя, паўмільёна ў эміграцыі. І гэта далёка не ўсё

Радыё Свабода – з уражальнымі лічбамі пра беларусаў пасьля 2020 году, якія паказваюць, як зьмянілася за гэты час Беларусь і жыцьцё нашых суайчыньнікаў.

Пяць гадоў таму ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, якія суправаджаліся небывалай хваляй пратэстаў і самымі жорсткімі рэпрэсіямі ў найноўшай гісторыі краіны — статысячныя маршы, тысячы затрыманых і асуджаных…

Празь пяць гадоў рэпрэсіі не спыніліся.

Рэпрэсіі

Мінск, адно з затрыманняў 10 жніўня

Пад рэпрэсіі падчас і пасьля 2020 году ў той ці іншай форме трапілі сотні тысяч беларусаў. Улады пачалі затрымліваць удзельнікаў мірных акцыяў яшчэ ў траўні 2020 году. Многія палітыкі, актывісты, а таксама прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду апынуліся за кратамі яшчэ да асноўнага дня галасаваньня 9 жніўня 2020 году.

Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў траўні 2020 году, банкіра Віктара Бабарыку — у чэрвені.

Як мінімум 7081 чалавека асудзілі за палітыку паводле крымінальных артыкулаў пасьля 2020 году. У большасьці выпадкаў іх вінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць парадак», а таксама ў «масавых беспарадках».

Гэта людзі, імёны якіх дакладна вядомыя праваабаронцам. Але насамрэч такіх людзей можа быць значна болей. Яшчэ ў жніўні 2022 году Сьледчы камітэт называў лічбу 11 000 крымінальных справаў «экстрэмісцкай скіраванасьці».

Праваабаронцам таксама вядомыя імёны 8500 чалавек, якія сутыкнуліся з крымінальным перасьледам за палітыку за гэтыя 5 гадоў.

Цяпер за кратамі знаходзяцца 1187 чалавек, якіх праваабароцны прызналі палітвязьнямі. Перад выбарамі ў 2020 годзе іх было 25. Аднак ня ўсе асуджаныя за палітычныя погляды і дзейнасьць прызнаныя палітвязьнямі. Часам празь ціск уладаў на сваякоў ад такога статусу адмаўляюцца самі людзі.

З словаў праваабаронцаў, цяпер улады прыхоўваюць рэпрэсіі, каб пра іх не было шырока вядома.

Больш за 2800 вязьняў сумленьня за гэтыя 5 гадоў выйшлі на волю ў сувязі з адбыцьцём тэрміну, вызваленьнем ад пакараньня ці зьменай меры пакараньня.

Агулам, з 2020 году беларускія ўлады вызвалілі датэрмінова 330 палітзьняволеных.

Пры гэтым улады Беларусі і цяпер больш саджаюць, чым адпускаюць. Толькі за чэрвень памілавалі 14 палітзьняволеных, але атрымалі гэты статус 29 чалавек. Агулам жа за месяц праваабаронцы зафіксавалі 67 палітычна матываваных затрыманьняў.

Праваабаронцам вядома прынамсі пра 8 чалавек, асуджаных з палітычных матываў, якія загінулі за кратамі. Гэта Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Ігар Леднік, Мікалай Клімовіч, Аляксандар Кулініч, Вадзім Храсько, Дзьмітры Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер.

Вядома таксама як мінімум пра 3 сьмерці людзей пасьля вызваленьня, якія заставаліся пад ціскам сілавікоў.

Так, у 2021 годзе стала вядома пра сьмерць дваіх чалавек, якія захварэлі на COVID-19 у беларускіх ізалятарах, адбываючы адміністрацыйны арышт з палітычных матываў.

У выніку нечалавечых умоваў утрымання і нясвоечасова аказанай мэдычнай дапамогі памерлі ад наступстваў каранавіруснай інфэкцыі 53-гадовая мянчанка Алена Амеліна (захварэла ў ЦІП на Акрэсьціна) і 57-гадовы жыхар Асіповічаў Сяргей Шчацінка (захварэў у Асіповіцкім ІЧУ). Хварэць яны пачалі яшчэ ў ізалятарах, а пасьля адразу трапілі ў лякарні. Але ачуняць так і не змаглі.

Як мінімум 3 чалавекі, як падлічылі праваабаронцы, загінулі ў часе пратэстаў ад дзеяньняў сілавікоў. Гэта Раман Бандарэнка, Аляксандар Тарайкоўскі і Генадзь Шутаў. Яшчэ адзін загінулы, Аляксандар Віхор, сканаў у лякарні, куды яго даставілі сілавікі пасьля затрыманьня 9 жніўня 2020 году.

Вядома яшчэ пра сьмерць трох чалавек, так ці інакш зьвязаных з выбарамі і пратэстамі:

  • Канстанцін Шышмакоў — сябра выбарчай камісіі, які адмовіўся падпісваць выніковы пратакол, 15 жніўня зьнік па дарозе дадому, а 18 жніўня ягонае цела знайшлі ў лесе ў Мастоўскім раёне.
  • Мікіта Крыўцоў — удзельнічаў у акцыі пратэсту ў Маладэчне, 22 жніўня знойдзены павешаным у лесе ў Менску. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён зьдзейсьніў суіцыд, сваякі ў гэта ня вераць.
  • Аляксандар Будніцкі — зьнік 11 жніўня ў Менску, знойдзены мёртвым 1 верасьня ў раёне гандлёвага цэнтру «Рыга», дзе былі сутыкненьні зь сілавікамі 10 і 11 жніўня.

Дакладнай статыстыкі колькасьці людзей, якія трапілі пад рэпрэсіі ў сувязі з падзеямі 2020-2021 гадоў, няма. Аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol прыводзіць мінімальную лічбу паўмільёна чалавек.

У гэтую лічбу ўваходзяць затрыманыя, асуджаныя паводле адміністрацыйных і крымінальных артыкулаў, звольненыя з працы ў сувязі з палітыкай, людзі, якія паставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў і праз гэта сутыкнуліся з абмежаваньнямі або ціскам, людзі, вымушаныя эміграваць. Прадстаўнік арганізацыі Ўладзімер Жыгар заўважае, што гэтая лічба можа быць большай у разы.

Зачыстка палітычнага і інфармацыйнага поля

Разам з рэпрэсіямі ўлады Беларусі пачалі масава ліквідаваць, закрываць, вымушаць закрыцца грамадзкія аб’яднаньні, палітычныя партыі, іншыя формы самаарганізацыі людзей. Да выбараў 2020 году ў Беларусі легальна дзейнічалі 15 палітычных партыяў. Усе апазыцыйныя партыі былі афіцыйна зьліквідаваныя, цяпер маюць рэгістрацыю толькі 4 праўладныя: Камуністычная партыя Беларусі, «Белая Русь», Лібэральна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці.

Агулам, паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, грамадзкі сэктар Беларусі з 2020 году страціў 1944 некамэрцыйныя арганізацыі, рэгістрацыю якіх скасавалі. Гэта грамадзкія арганізацыі, прафэсійныя саюзы, фонды і асацыяцыі. Гэтая практыка працягваецца. У чэрвені праваабаронцы зафіксавалі два выпадкі прымусовага закрыцьця грамадзкіх арганізацыяў.

Многія зьліквідаваныя арганізацыі не займаліся палітычнай дзейнасьцю, як, напрыклад, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ці «Бумэранг дабра» — аб’яднаньне бацькоў, якое зьбірала дапамогу хворым дзецям.

Распаўсюдзілася практыка прызнаньня інфармацыйных прадуктаў — мэдыя, кніг, старонак у сацыяльных сетках — «экстрэмісцкімі матэрыяламі». За іх распаўсюд чалавек трапляе пад адміністрацыйны ці крымінальны перасьлед — ад штрафу да двух гадоў пазбаўленьня волі.

Для уладаў гэта азначае, што можна забараніць фактычна ўсякую інфармацыю, амбежаваўшы ці забараніўшы доступ да яе.

Цяпер сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» налічвае 1764 старонкі ў інтэрнэце. «Экстрэмісцкімі», сярод іншых, улады прызналі 7 тысяч інфармацыйных рэсурсаў. Доступ да іх зь Беларусі абмежаваны.

З 2020 году больш за 40 беларускіх мэдыярэсурсаў у Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Сярод гэтых рэсурсаў і Радыё Свабода. Гэта значыць, што ў Беларусі дзейнасьць такіх мэдыя крыміналізаваная, а супрацоўнікі трапляюць пад перасьлед: цяпер 37 супрацоўнікаў СМІ за кратамі.

У 2021 годзе ўлады Беларусі ўнесьлі папраўкі ў закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», што дазволіла лягчэй прысвойваць людзям статус «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Ледзь ня кожны асуджаны паводле палітычна матываванага абвінавачаньня атрымлівае статус «экстрэміста». Гэта моцна ўскладняе асуджаным кантакт з сваякамі на волі (абмежаваньні на лісты, перадачы ды інш). Па вызваленьні такія людзі маюць праблемы з уладкаваньнем на працу, ня могуць займаць пэўных пасадаў, напрыклад займацца пэдагагічнай дзейнасьцю. У сьпісе «экстрэмістаў» на сайце МУС зараз больш за 5,5 тысячы прозьвішчаў.

Яшчэ адна спэцслужба Беларусі — КДБ — вядзе ўлік «тэрарыстаў». Такі сьпіс на сайце ўстановы існаваў і да 2020 году, аднак раней туды уключалі людзей, якія знаходзяцца ў міжнародным вышуку, бо прызнаныя тэрарыстамі на міжнародным узроўні.

Пасьля 2020 году ў гэты сьпіс пачалі ўключаць беларусаў, якіх асудзілі паводле 25 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, зьвязаных у тым ліку з пратэстамі. Менавіта ў гэты сьпіс дадаюць грамадзян, асуджаных паводле артыкулаў «масавыя беспарадкі», «захоп будынкаў і збудаваньняў», «распальваньне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варажнечы», «фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці».

На сёлетні ліпень у сьпісе «тэрарыстаў» былі больш за 600 беларусаў. У тым ліку нацыянальная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка, Марыя Калесьнікава, іншыя палітыкі, актывісты і журналісты, якія знаходзяцца як за кратамі, так і на свабодзе ў эміграцыі.

Эміграцыя і адток кадраў

Пасьля падзеяў 2020 году, рэпрэсіяў і пачатку вайны ва Ўкраіне пачалася самая вялікая ў найноўшай гісторыі хваля эміграцыі зь Беларусі. Паводле розных падлікаў, за мяжу выехалі некалькі соцень тысяч чалавек.

Як падлічыў дасьледчы цэнтар Beroc, пасьля падзеяў 2020 году толькі ў краіны ЭЗ выехалі прыкладна 500 000 беларусаў.

Згодна з апошнім дасьледаваньнем пра адаптацыю беларускіх эмігрантаў, 89% тых, хто выехаў, маюць вышэйшую адукацыю.

Сацыёляг, былы дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Беларусі Генадзь Коршунаў называе лічбу 600 000 чалавек, якія выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году. Гэтая лічба, на думку сацыёляга, улічвае эміграцыю і ў Грузію, Ізраіль ды іншыя краіны.

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Мікалай Карпянкоў яшчэ ў 2023 годзе называў лічбу 350 000 чалавек, якія эмігравалі зь Беларусі.

Беларускаму рынку працы на сёньня не хапае амаль 200 000 чалавек. Гэта вынікае са зьвестак у нацыянальнай базе вакансіяў. Толькі за 4 гады кадравы дэфіцыт вырас больш чым удвая.

Увогуле за 5 гадоў жыхароў Беларусі стала амаль на 301 000 менш, як паказвае статыстыка Белстату. Гэтыя зьвесткі могуць ня ўлічваць людзей у эміграцыі. Жыхароў меншае ўва ўсіх узроставых групах. Людзей працаздольнага ўзросту паменела на 84 594 чалавекі, падлеткаў да 16 гадоў — на 124 839 чалавек, пэнсіянэраў — на 30 932 чалавекі.

Напрыклад, студэнтаў ВНУ за 5 гадоў стала ўдвая меней: з 254,4 тысячы да 118 тысяч. Дзіцячыя садкі пяць гадоў таму наведвалі 424 100 дзяцей, цяпер іх на 85 800 меней. А вось школьнікаў пабольшала на 22 100 чалавек, цяпер іх 1 080 400.

Грамадзкая актыўнасьць і салідарнасьць

Усякая грамадзкая актыўнасьць, альтэрнатыўная праўладнай, у Беларусі сёньня можа стаць прычынай як адміністрацыйнага, так і крымінальнага перасьледу. Апошні раз масава беларусы дэманстравалі сваю пазыцыю, пратэстуючы супраць уварваньня Расеі ва Ўкраіну 27 лютага 2022 году. Тады, паводле праваабаронцаў, сілавікі затрымалі каля 1500 чалавек, колькі людзей агулам прынялі ўдзел у тых пратэстах, невядома.

За 5 гадоў у эміграцыі ў беларусаў сфармаваліся свае палітычныя структуры:

  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай (аналяг прэзыдэнцкай адміністрацыі),
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт (аналяг ураду)
  • выбарны орган — Каардынацыйная рада (аналяг парлямэнту).

За 5 гадоў дзейнасьці гэтых структураў устаноўленыя дыпляматычныя і палітычныя кантакты з 48 краінамі, сярод якіх краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, а таксама Чылі, Аргентына, Коста-Рыка, Малдова, Армэнія ды іншыя.

Місіі беларускіх дэмакратычных сілаў працуюць у Брусэлі, Таліне, Празе, Кіеве. Створана сетка «народных амбасадаў», у якіх беларусы дапамагаюць на месцы вырашаць пытаньні іншым беларусам. Такія амбасады дзейнічаюць у 20 краінах.

Больш за 30 краін сьвету не прызналі вынікаў выбараў у Беларусі ў 2020, 2024 і 2025 гадах.

Празь немагчымасьць выказаць сваю пазыцыю ўнутры Беларусі беларусы зьбіраюцца на акцыі за мяжой. Традыцыйна маршы і вулічныя акцыі праходзяць на Дзень Волі, а таксама ў гадавіну выбараў 2020 году — перадусім у Варшаве і Вільні, але ня толькі. Сёлета акцыі да гадавіны выбараў пройдуць мінімум у 15 гарадах.

Другі кірунак дзейнасьці беларусаў замежжа — дапамога. Два буйныя фонды, куды беларусы ахвяруюць сродкі з 2020 году, — BySol і ByHelp — за 5 гадоў сабралі кожны па 8 мільёнаў эўра (18 мільёнаў даляраў на два фонды). Дапамогу атрымалі дзясяткі тысяч чалавек, якія пацярпелі ад перасьледу й рэпрэсіяў, страцілі працу, апынуліся ў вымушанай эміграцыі.

Міжнародны гуманітарны фонд, грошы для якога зьбіраюць эўрапейскія краіны, сабраў 2 мільёны эўра дапамогі.

За мяжой беларусы ствараюць свае культурныя асяродкі. Больш за 10 выдавецтваў публікуюць мастацкую, асьветную, навуковую, дзіцячую літаратуру.

Чацьверты год запар у Вільні праходзіць паэтычны фэстываль імя Міхася Стральцова «Стральцоўскі фэст». Раней ён праходзіў у Менску.

Сёлета чацьверты раз на Падляшшы прайшоў фэстываль беларускай традыцыі Soncahraj, пяты раз адбыўся музычны фэстываль «Тутака».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)