Руднік: «Вельмі складана сістэматычна знаходзіць усіх абсалютна папулярных блогераў, усіх цэнзураваць і затрымліваць»

Дырэктарка Цэнтра новых ідэй Леся Руднік — пра тое, як у Беларусі ў лічбавай прасторы з’явілася і застаецца «выспачка свабоды».

Больш за 7,5 мільёнаў беларусаў карыстаюцца TikTok — прынамсі пра гэта днямі паведаміў Мінінфарм са спасылкай на міжнародную арганізацыю DataReportal. Гэтая сацсетка стала, па сутнасці, адной з незакрытых пакуль магчымасцяў прыцягнуць увагу грамадства да мясцовых праблем і дастукацца да ўладаў. Чаму да TikTok такое лагоднае стаўленне?

— TikTok развіваецца вельмі хутка: адзін месяц адно ў трэндзе, другі — ужо зусім іншыя прагляды і расстаноўка сіл, з’яўляюцца новыя крыэйтары, якія раней ніхто ніколі не бачыў, — зазначае паліталагіня Леся Руднік у эфіры Обычного утра. — І вельмі складана сістэматычна знаходзіць там усіх абсалютна папулярных блогераў, усіх рэпрэсаваць, цэнзураваць, затрымліваць.

Таму там усё ж такі ёсць прастора, каб крыху развярнуцца, крыху прасоўваць розныя наратывы. З TikTok актыўна працуюць таксама беларускія незалежныя медыя.

І што яшчэ важна сказаць — гэта тая прастора, у якой жывуць шмат індывідуальных стваральнікаў кантэнту, якія ніяк не звязаныя ні з якімі медыя, ні з якімі палітыкамі. Іх, што называецца, вельмі любіць платформа: бо кантэнт шчыры, просты і зразумелы народу.

Ствараецца ўражанне, што гэтая платформа ёсць «выспачкай свабоды», на якой дагэтуль можна досыць вольна і рэзка выказвацца, — нібыта не баючыся палітычнага пераследу ў адказ. Чаму так?

— Думаю, эфект просты: людзі, якія карыстаюцца TikTok, у масе сваёй не моцна цікавяцца беларускай палітыкай, — мяркуе Леся Руднік. — Яны адключыліся ад павесткі.

Людзі ведаюць, што нельга клікаць на нешта падазронае ў Тэлеграм, трэба думаць, у які стрым заходзіш у YouTube — але наогул, як мы бачым па розных сацыялагічных апытаннях, насельніцтва моцна дэпалітызаванае. Не таму, што іх зусім не цікавіць палітыка, яны проста дыстанцыяваліся ад яе на той час, пакуль гэта: а) небяспечна, б) нерэальна, то бок, палітыкі сапраўднай няма.

На думку паліталагіні, у такіх умовах многія беларусы крыху забываюць, што можна, што нельга, хоць на інтуітыўным узроўні захоўваюць асцярожнасць.

— Дастаткова зачапіцца за адно відэа з палітычным кантэнтам, і варонка раскручваецца, падкідваючы ўсё новыя відэа на гэтую тэму. І калі не проста прагортваеш, а адклікаешся, глядзіш — платформа рэагуе і падкідвае ўсё болей. І ты спажываеш такі кантэнт і думаеш: окей, гэтыя людзі публікуюць, гэтыя — можа быць, і мне можна?

Я думаю, што гэтая платформа будзе дасяжная, бо заблакаваць TikTok беларускім уладам будзе складана, гэта, лічыце, як адключыць інтэрнет па ўсёй краіне. І пакуль яна будзе дасяжная, лічу, будзе захоўвацца і прастора для большай свабоды.

Улады, канешне, будуць спрабаваць штосьці зрабіць. Аднак тэхнічна для іх гэта няпроста. І думаю, гэта — асноўная прычына, чаму пакуль што мы бачым больш-менш свабодны кантэнт. Умоўна, алгарытмы ўладных цэнзараў не настроеныя, каб шукаць такі кантэнт, ён не трапляецца ў фільтры. Да таго ж цэнзураваць асобных блогераў цяжка, а адключыць цалкам платформу, паўтаруся, як адключыць інтэрнет — складана і дорага для краіны.

Да таго ж Лукашэнка не Трамп. Ён не можа сказаць: я адключаю гэтую платформу, калі вы не пагодзіцеся на правілы a, b, c. Бо для платформы Беларусь — не значны рынак, каб баяцца яго страціць, і шантажаваць TikTok не атрымаецца.

Ці магчымая рэвалюцыя праз TikTok? На маю думку, для ўсяго ёсць свой шанец і свой момант. Не думаю, што зараз існаванне нейкай платформы можа справакаваць нейкім чынам рэвалюцыйны настрой. Ёсць незадаволенасць, ёсць людзі, якія дзеляцца сваімі пазіцыямі. Але каб стварыць рэвалюцыйны рух, платформа далёка не цэнтральны момант — трэба, каб шмат фактараў сышліся.

Як правіла, рэвалюцыя — не тое, што здараецца запланавана, звычайна гэта адбываецца даволі хутка і нечакана.

Што да Threads, дадае Леся Руднік, то гэта «як TikTok эсэмэскай», дзе не трэба доўга думаць ці планаваць публікацыю ў ім, таму гэты феномен яшчэ большай шчырасці для многіх карыстальнікаў:

— Думаю, шчырасць і фармат Threads — вельмі ўнікальныя і цікавыя. У пэўным сэнсе гэтая «народнасць» злучыла беларускае грамадства: людзі, якія жывуць за мяжой, змаглі насалоджвацца тым, што людзі ў Менску распавядаюць пра іх побыт, як быццам ты з сябрам адтуль паразмаўляў. Дакладна зразумела і ўжо цяпер бачна, што платформа будзе расці, праз год мы пабачым зусім іншыя лічбы. Таму трэба займацца вывучэннем гэтай гісторыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(2)