«Шмат беларусаў з’ехала, але яшчэ больш засталося на Радзіме. І шмат з іх зусім не ябацькі»

Што казалі беларусы, якія засталіся дома 9 жніўня, і чаму варта захоўваць аптымізм, «Салідарнасці» распавяла лайфстайл-блогерка і айцішніца з Барысава Воля Дзюба.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

— Мы з мужам з’ехалі з Беларусі, калі пачалі даваць крымінальныя артыкулы за ўдзел у пратэстах. Бо былі амаль на ўсіх маршах. У Польшчы нам зрабілі прапановы па працы. Таму зараз мы тут.

Першапачаткова я не хацела жыць у Польшчы, бо з правамі жанчын тут такая сабе сітуацыя. Але паездзілі па Еўропе і зразумелі, што гэткую якасць жыцця за такія грошы ў іншай краіне дазволіць сабе не зможам. У тым ліку і набыць жытло ў Польшчы можна за меншыя грошы. Што мы і зрабілі нядаўна ў Кракаве.

Яшчэ мне падалося, што Польшча вельмі класна разумее беларусаў, бо палякі больш у кантэксце. Тут я не сутыкалася з негатывам у дачыненні да беларусаў. Асабліва ў першыя гады пасля 2020-га была вялікая падтрымка.

У Беларусі я спачатку працавала проджэкт-менеджэрам у айці, потым перайшла ў ролю scrum-майстаркі, гэта каардынатар айці каманд. У 2021-м кампанія перавезла офіс у Польшчу. У лістападзе будзе пяць гадоў як мы ў Кракаве.

«Амап проста стаяў збоку і не ведаў што рабіць»

Што для вас 2020-ы? Пабачыла вас з іншымі беларускамі на фоне нашага сцяга з надпісам: «Свабода, роўнасць, сястрынства».

— Для мяне гэта вялікае свята беларускасці і яднання людзей. Хоць гэта было вельмі страшна. Эмацыйныя арэлі, амерыканскія горкі.

Памятаю маршы, калі бегла ад амапу ці калі ішла ў калоне беларусак, адчуваючы сябе неверагодна шчаслівай. Бо была сярод прыгожых і моцных жанчын, якімі ганарылася. Маша Калеснікава таксама ішла з намі ў той дзень. А амап проста стаяў збоку і не ведаў што рабіць.

Які момант успрымаўся як самае «дно» амерыканскіх горак?

— Гэта было 9 жніўня. Мы прагаласавалі ў Барысаве, прыехалі ў Мінск і пайшлі на марш. Я была з аднаго боку Нямігі, дзе дом Чыжа, а з іншага боку ракі выбухалі светлашумавыя гранаты. Я першы раз такое бачыла. Здавалася, што там людзі проста паміраюць. Для мяне гэта было як пачатак грамадзянскай вайны: бо на нас нападалі свае ж. Уражанне, што я апынулася ў пекле.

Беларусы выйшлі, каб паказаць што ў нас не скрадуць выбары. А нас гатовы былі забіваць, каб ва ўладзе шмат гадоў заставаўся адзін і той жа чалавек.

Але насамрэч не ўсё прайграна. Бо шмат беларусаў з’ехала, але яшчэ больш засталося на Радзіме. І шмат з іх зусім не ябацькі.

Я дакладна ведаю, што ніколі не буду полькай, бо я —беларуска. Не змагу тут канчаткова асімілявацца, бо заўсёды буду іншародным целам. І мару пра часы, калі змагу прыехаць у Беларусь і размаўляць паўсюль па-беларуску. І нават калі прадавачка ў краме не будзе ведаць нейкае слова, я ёй патлумачу. Бо ўжо не перайду на расейскую.

І з рускімі турыстамі буду прыкідвацца, што не ведаю рускай мовы. Вось такі ў мяне гарэзлівы настрой і пра такое я мару (усміхаецца).

Канешне, у Беларусі шмат людзей, якія  абсалютна на адным узроўні з Лукашэнкам у яго любові да Расеі і нелюбові да ўсяго беларускага. Але ж я бачу зараз і культурны ўздым у Беларусі. Бо падпісана на шмат якія старонкі блогераў. Бачу беларускія фестывалі, беларускія абрады, якія праходзяць у вёсках. Узнікаюць новыя суперкласныя беларускія гурты, якія спяваюць па-беларуску. І гэта супер.

Можа, гэта мая бурбалка, але я бачу ўсё больш беларускага і ўнутры краіны.

— «Абдымайце блізкіх, кутайцеся разам у коўдру, паіце сваіх качачак гарбатай. Ці хаця б сідрам». Вы пісалі гэта яшчэ ў 2019-м, але ж вельмі добрая парада і для нас сённяшніх.

Любоў, каханне, узаемападтрымка — самае важнае. Гэта ж мы адчулі і ў 2020-м, калі пабачылі колькасць людзей, якім не ўсё роўна. Людзі раздавалі цукеркі, прывозілі ваду, пускалі да сябе ў хаты, каб нас зберагчы.

Мы беглі ад амапаўцаў, і праз вакно нас запрасіла да сябе бабулька – калі ўбачыла, што нам няма дзе схавацца. Мы заляцелі да яе ўтрох, яна напаіла нас гарбатай з печывам.

Стала цікава: «А як гэта вы, бабуля, ведаеце пра пратэсты? Можа, дачка расказвае?» На што яна жвава адказала, што ўсё чытае ў інтэрнэце, ёй настроілі тэлеграм на кампутары. Казала, што старэнькая і, на жаль, не можа выйсці з намі: «Дзякуй, што вы выходзіце за мяне! Разам мы пераможам».

І да дзядулі так забеглі, калі хаваліся недалёка ад Стэлы. Але дзядуля, былы ваенны, быў больш сур’ёзна настроены, сказаў, што «вы там без ружжаў не пераможаце».

«Каб грошы ад алмазаў ішлі не ў Маскву, а народу таго рэгіёна, дзе іх здабываюць»

— Ваш пост восенню 2022-га: «...вы не проста забіваеце людзей і народы — вы хлусіце, што вы іхнія дабрадзеі, і прымушаеце таго, каго забіваеце, каб ён крычаў: «Дзякуй!» Думаю, вы лёгка здагадаецеся пра каго пісаў Караткевіч у «Каласах пад сярпом тваім» у 1964-м пра XIX стагоддзе»...

Уладзімір Караткевіч напісаў гэтыя словы больш за паўстагоддзе таму, але ж чытаеш – і зараз мароз па скуры. І для мяне тое, што адбываецца ва Украіне і Беларусі сувымерныя рэчы, бо ў нас таксама ў турмах гінуць людзі. Разумею, што не ўсе расейцы дрэнныя, але лічу, што як мінімум ад большасці лепш трымацца далей.

І мы, беларусы не іх меншыя браты, як яны для сябе вырашылі. І далёка не ўсе, хто пакуль яшчэ размаўляе па-расейску, гэта расіяне, як яны лічаць. Вельмі шмат такога бачу і чую, таму працягваю расчароўвацца ў расейцах.

Мне вельмі спадабалася прапанова кагосьці з расейскіх экспертаў, што Расею трэба падзяліць на часткі, каб у кожнага народа была аўтаномія. Вось такіх экспертаў я паважаю і пагаджаюся з імі. Каб грошы ад алмазаў ішлі не ў Маскву, а народу таго рэгіёна, дзе іх здабываюць.

Яшчэ вы пісалі, што абавязкова трэба дасылаць лісты палітвязням: «Усё дабро, што мы нясем у свет нам вернецца. І калі сумняваецеся, бо не ведаеце пра што пісаць, дык вось падказкі: пра вашых коцікаў і сабачак, падарожжы, хобі, апошні фільм, які глядзелі». Але ж нават былыя палітвязні кажуць, што лісты не аддаюць.

— Трэба працягваць пісаць, бо ёсць людзі, якім штосьці ўсё ж даходзіла ці камусьці аддаюць пазней, пасля выхаду. Пакуль ёсць хоць маленечкі шанец — гэта трэба рабіць. Таму што не бачу іншых крокаў, як мы можам падтрымаць людзей, што аказаліся за кратамі за сваю пазіцыю.

«Жанчын пазбавілі выбару, гэта вельмі прыніжае»

Што вам не спадабалася ў Польшчы адносна правоў жанчын?

— Для мяне значны паказчык стаўлення да жанчын — гэта забарона абортаў. Я лічу што гэта ненармальна ў Еўропе ў 2025 годзе.

Жанчын пазбавілі выбару, гэта вельмі прыніжае. Бо нараджаць ці не — павінна вырашаць толькі жанчына, нават не муж. І калі ў гэта ўмешваецца дзяржава, гэта вельмі дыскрымінуе.

— Але ж нехта скажа, што гэта клопат пра здароўе жанчын і колькасць будучага насельніцтва.

— Наадварот, гэта дрэнна ўплывае на здароўе жанчын, бо шмат выпадкаў, калі яны паміраюць праз адмову ў аборце пры пагрозе жыццю. Палякі забаранілі аборты з рэлігійных прычын, бо тут вельмі шмат вернікаў. Я не рэлігійны чалавек, і ў гэтым таксама ёсць разыходжанне.  

І яшчэ польская мова для мяне, як для феміністкі, трошку неадназначная ў дачыненні стаўлення да жанчын. Ёсць асобны род для мужчын, а ёсць іншы, такое «онае», куды адносяць і кабет, і жывёл. Трыгерыць, што жанчын тут настолькі аддзяляюць ад мужчын. Але ж у палякаў гэты моўны аспект склаўся гістарычна.   

Я вельмі выступаю за правы жанчын, заахвоцілася тэмай яшчэ ў Беларусі, калі стала заўважаць сексісцкія выказванні нават сваёй маці. Народжаных у СССР выхоўвалі зусім па-іншаму. Бянтэжылі фразы: «Ты, як жанчына, павінна быць мудрай». А быць мудрай — значыць дзесьці прамаўчаць. 

«Вельмі важная эмацыйная праца жанчын, якая не аплочваецца і, мо, не заўважаецца»

Пасля эміграцыі вы шмат падарожнічалі. Што ўзгадваеце?

— Падарожжы — класны спосаб адключыцца, адпачыць ад працы, назапасіць новыя ўражанні ды эмоцыі.

Самыя яркія ўспаміны — гэта мае першыя падарожжы, калі я яшчэ ў маладосці ездзіла па праграме Work and Travel у ЗША. Мы бясплатна спыніліся па каўчсерфінгу ў аднаго хлопца, які паказаў нам Вашынгтон, вазіў на сваёй машыне і частаваў.

Вельмі спадабалася Італія і яе Даламіты. А яшчэ мы там планавалі збіраць грыбы. Але для гэтага занятку ў Італіі патрэбны дазвол, у кожным рэгіёне ён свой.

Трэба заплаціць, прычым можаш сабраць у лесе не больш за кілаграм грыбоў на челавека. Канешне, гэта ніхто не кантралюе кожны раз, але калі б праверылі, то маглі б мець праблемы. Каштуе, калі не памыляюся, каля 10-15 еўра за кілаграм на чалавека. У краме прыкладна столькі ж.

Але ж файны сам працэс... А якая там ў піцэрыі мясцовай вёсачцы смачная піца з баравікамі!..

У эміграцыі павылазіла шмат схаваных праблем былога жыцця. Гэта і пра канфлікты апошняга часу, калі жанчыны стаміліся маўчаць пра тое, што мужчыны вырашаюць свае асабістыя пытанні праз іх. Хто як умее ці прызвычаіўся...

— Я падтрымліваю жанчын і тое, што яны ў выніку распавядаюць пра харасмент ды іншыя праблемы ў адносінах. І тут паўстае пытанне: як вырашыць праблему эпідэміі мужчынскай адзіноты?

Гэта важна выправіць, трэба больш размаўляць са сваімі сябрамі, адкрывацца. Важна займацца і адукацыяй жанчын, бо, на жаль, менавіта яны больш часу аддаюць выхаванню дзяцей, у прыватнасці, хлопчыкаў.

Калі жонка зарабляе менш, то муж, здараецца, бачыць гэта як прычыну спіхнуць на яе яшчэ і дамовую працу. Такі мужчына кажа: «Так, я не эмпатычны і не займаюся гаспадаркай, але ж я зарабляю грошы». Гэта маніпуляцыя. Бо жаночая праца па дому з боку такіх мужчын не каштуе нічога. Бо яна не аплочваецца.

Лічу, што нельга абясцэньваць гэтую працу. А калі дадаць выхаванне дзяцей — дык гэта ўвогуле...

Яшчэ вельмі важная эмацыйная праца жанчын, якая не аплочваецца і, мо, не заўважаецца. Бо жанчыны шмат што плануюць, думаюць пра падарункі ўсім блізкім, пра закупы ў краме і гэтак далей. І гэта вялікая нагрузка, якую цяжка прыраўняць да грошай, палічыць кошт.

«Беларусь важна падтрымліваць нават з-за мяжы, каб людзі не забываліся, што мы беларусы»

Што было самае цяжкае ў вашай эміграцыі?

— Тое, што я не змагла паехаць на пахаванне маёй бабулі. І пастаянная немажлівасць прыехаць дадому, калі захочацца. Прыехаць і паляжаць каля роднай Бярэзіны.

А яшчэ балюча, што мама наслухалася прапаганды і кажа, што я магу вярнуцца. І камісію ж стварылі, і па тэлевізару кажуць, што ўжо ўсё, што яны даруюць — вяртайцеся на здароўе!

А я ж ведаю, што не магу.

Я шмат з чым змірылася, нават з тым, што мама не разумее: «Чаго ты там дзяцей не заводзіш». Але мяне раз’юшвае да крыку, калі яна кажа: «Прыязджай, чаго ты не можаш прыехаць?»

Разумею, што шмат для каго ў Беларусі, што б яны не думалі раней, прапаганда працуе як самаабарона. Ты хочаш верыць, што жывеш у нармалёвай краіне з моцным прэзідэнтам. І паступова пачынаеш у гэта верыць, папросту каб не паехаў дах.  

Падтрымліваю сябе думкай, што калісьці, хай сабе і праз 20 гадоў, але змагу вярнуцца на Радзіму. І сваю Беларусь падтрымліваю эканамічна: рэгулярна раблю данаты, стараюся валанцёрыць, інвеставаць грошы і свае сілы ў падтрымку культурных беларускіх праектаў. Валанцёрыла на Летуценні, хаджу на імпрэзы, якія арганізоўвае дыяспара ў Кракаве. На Дзяды, на Каляды.

Беларусь важна падтрымліваць нават з-за мяжы, каб людзі не забываліся, што мы беларусы. Бо наша мова і культура ў вельмі небяспечным становішчы і праз вялікі ўплыў расейшчыны могуць знікнуць, калі мы не будзем штосьці рабіць. Таму тое, што робяць дыяспары, таксама вельмі важна. Яшчэ і таму, што людзі з Беларусі прыязджаюць на нашы фестывалі за мяжой.

Вельмі хачу трымацца беларускага, гэта маё апірышча. Менавіта пасля 2020-га я перайшла на беларускую мову і стала больш цікавіцца беларускімі праектамі. Адчуваю сябе больш беларускай, чым нават 10 гадоў таму на Радзіме.

Мне важна купляць адзенне беларускіх дызайнераў, падтрымліваць беларускіх мастакоў, музыкаў, купляць кніжкі беларускіх выдавецтваў за мяжой. І на Летуценні ў гэтым годзе я пачула больш беларускай мовы, чым у мінулым.    

А калі накрывае, лічу, што па-першае трэба паплакаць. І вельмі класна прагаворваць гэта ўсё з псіхолагам. Дапамагаюць абдымкі з мужам, спорт. І яшчэ мяне вельмі ратуе мая котачка.

Насамрэч, мы самі ствараем сабе шчасце. Лічу, што людзі шчаслівыя не таму, што ў іх больш грошай ці мажлівасцяў, а таму што настроены бачыць ва ўсім пазітыўнае. Аптымізм — вельмі вялікі залог шчасця.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(22)