Вольскі: «Нам таксама давядзецца адказваць»

Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра непазьбежную адказнасьць, якую давядзецца несьці расейскаму народу за вайну ва Ўкраіне, а таксама адказнасьць беларусаў за саўдзел у агрэсіі і «стараннае імкненьне ня бачыць» злачынствы.

Лявон Вольскі

Нямеччына ў руінах

Хто калісьці вандраваў па Нямеччыне, па ейных цікавых і разнастайных — горных, марскіх, пагоркавых, ветраных і сонечных землях — той ведае: ледзьве ня ўсе больш-менш буйныя нямецкія гарады ў апошнюю сусьветную вайну былі зруйнаваныя авіяцыяй саюзьнікаў.

Бамбілі прадпрыемствы — заводы, фабрыкі й камбінаты, транспартныя вузлы, інфраструктуру. Бамбілі ўсё, бо ў тагачаснай Нямеччыне ўсё працавала на вайну. Не спынялі ані жылыя кварталы, ані наяўнасьць сур’ёзнай культурнай спадчыны. Бамбілі. Раўнялі зь зямлёю.

Вы, відаць, ведаеце пра Дрэздэн, бо пра яго яскрава напісаў Курт Вонэгут, але й Кёльн, Мангайм, Штутгарт, Дзюсэльдорф, Гамбург, Ляйпцыг — уся Нямеччына напрыканцы вайны ляжала ў руінах.

Разбураны Дрэздэн. Фота з нямецкіх архіваў, 1945 год. Крыніца: Вікіпедыя

«Ну, дык а што? — скажаце вы. — Была вайна, нямецкі народ калісьці абраў Гітлера, а потым расплаціўся за свой неразумны выбар».

І хто тут вінаваты — народ, які абраў і ўсяляк падтрымліваў дыктатара, ці гэты самы дыктатар, які хлусьлівай прапагандай пераўтварыў народ у натоўп зомбі, а потым кінуў яго ў мясарэзку вайны?

Спакойны час, калі рэйтынг Пуціна быў нізкі

Памятаеце, некалі быў час, калі Пуцін меў нізкі рэйтынг? Жыцьцё тады было такое адносна спакойнае, зарплаты й пэнсіі ў Расеі досыць высокія, імпэрыя пасьпяхова гандлявала рэсурсамі, чынавенства, як заўсёды, бязбожна крала, але дзялілася з народам недаедкамі «з барскага стала», здавалася б, можна жыць, але народу падабалася ня надта.

Тыя абраныя, хто ведаў сапраўдны рэйтынг расейскае ўлады, бачылі, што папулярнасьць невысокага чалавечка, які носіць чаравікі на высокіх абцасах, надта нізкая. І яе зусім не падняла часовая замена прэзыдэнта на іншага невысокага чалавечка.

Затое лідэр суседняе краіны (яе чамусьці называлі «братняй») па папулярнасьці біў усе рэкорды, і незадаволены народ звыкла мармытаў, палірнуўшы гарэліцу піўком: «Нам бы такога! Ён бы тут хутка парадак навёў!».

Так казалі не таму, што гэты «суседні прэзыдэнт» сапраўды навёў недзе там сапраўдны парадак, а таму, што ён голасна роў, брахаў, лаяўся, выводзіў на чыстую ваду, крытыкаваў і абвінавачваў ды садзіў сваіх апанэнтаў у турму. Быў прыкладам «сільнае рукі», якую так любіць народная маса.

Узровень жыцця падае, а рэйтынг расце

І што было рабіць невысокаму чалавечку на высокіх абцасах? Якім чынам падвышаць рэйтынг? Ён ужо й зьняўся ў ролі дзюдаіста, і правёў фотасэсію ў марской форме, і з гусямі-лебедзямі некуды там зьлётаў (таксама быў цікавы фотапраект!), не, не расьце папулярнасьць! Ня тое народу трэба. Нешта іншае.

І вось аднойчы, скарыстаўшыся абставінамі, гэты чалавечак падступна ўвёў імпэрскія войскі на тэрыторыю яшчэ адной суседзкай сувэрэннай дзяржавы. Пачалася вайна. Жыцьцёвы ўзровень жыхароў імпэрыі пачаў падаць. А рэйтынг, наадварот, імгненна расьці.

«Дык вось, што майму народу было трэба, — зразумеў невысокі чалавечак на высокіх абцасах, — вайна!». І полымя вайны запалыхала з новай сілай.

Якая там папулярнасьць суседняга лідэра, пра гэта ўжо не вялося! Вось ён — сапраўдны ўладар, сапраўдная «моцная рука», мудры настаўнік і бацька нацыі! Насельніцтва жыло ўсё горай, а рэйтынг уздымаўся ўсё вышэй.

Хто вінаваты?

Хто тут вінаваты — Пуцін, які разьвязаў вайну дзеля ўздыму свайго рэйтынгу?

Ці то народ, які літаральна прагнуў ад свайго лідэра «рашучых дзеяньняў» і які, у сваёй большасьці, і цяпер падтрымлівае прэзыдэнта? І гатовы ўсё яму дараваць — і палацы-яхты-залатыя ўнітазы, і пазашлюбных дзяцей, і ўсё, што заўгодна?

Не? Народ не вінаваты? Ён абалванены прапагандай, пераўтвораны ў зомбі? І гэта ў час, калі ты можаш здабыць любую інфармацыю з розных крыніцаў?

Чаму нямецкі народ быў вінаваты, а расейскі — не? Чаму немцаў, якія казалі: «Не, мы ня ведалі, што тут тысячамі паляць габрэеў», хаця жылі каля канцэнтрацыйнага лягеру, прымушалі працаваць на эксгумацыі парэшткаў закатаваных людзей?

Чаму па нямецкай тэлевізіі дагэтуль круцяць фільмы пра зьверствы нацыстаў? Чаму прымаюць мігрантаў? Чаму вучаць у школах ды ліцэях, што «ніколі зноў»? Таму што ў тым, што адбылося, была замяшаная вельмі вялікая колькасьць людзей, ледзьве ня ўвесь народ?

Чым тады сытуацыя ў цяперашняй Расеі адрозьніваецца ад Трэцяга Райху? Толькі тым, што (пакуль яшчэ) няма генацыду габрэеў? Усё ж астатняе такое самае — прамысловасьць працуе на вайну, прапагандысты заклікаюць забіваць украінцаў і бамбіць Эўропу, народ у адзіным парыве згуртаваўся вакол правадыра.

Акупацыйнае войска захапляе ўкраінскую тэрыторыю (прыкрываючыся, нібыта, «прыгнётам расейскамоўных» на гэтай зямлі, гэта — таксама калька з мінулае вайны).

Пляжаць дронамі й ракетамі ўкраінскія гарады, ледзьве не штодня гінуць людзі, і ніводны афіцэр не адмовіўся выконваць злачынны загад, ня ўспыхнулі масавыя пратэсты, не пачалося павальнае дэзэртырства, не было аніводнага замаху на дыктатара...

І, скажыце, чаму расейцам дазволена руйнаваць украінскія гарады, а ўкраінскаму войску нельга запусьціць балістычныя ракеты па Маскве? У каго трэба пытацца дазвол?

Разбурэнні ў горадзе Бахмут Данецкай вобласці, Украіна. 21 траўня 2023 года. Фота: Handout / Armed Forces of Ukraine / AFP / East News

За злачынствы давядзецца адказваць, і нам таксама

Так ці іначай, а за ўсе злачынствы давядзецца адказваць. І ня толькі чалавечку на высокіх абцасах, ня толькі тым мільёнам людзей, хто яго апантана падтрымліваў, а і тым, хто ўпарта стараўся не заўважаць тое, што адбываецца зь дзяржаваю. Тым, хто хаваўся па маскоўскіх рэстарацыях і барах і адмыслова не размаўляў пра вайну, бо гэта «мавэтон».

Я скажу болей: нам таксама давядзецца адказваць. За тое, што ў 1994-м адкрылі скрыню Пандоры.

За тое, што да 2020 прымушалі сябе не заўважаць у сваёй краіне татальную несправядлівасьць, хлусьню, падвоеныя стандарты, скалечаныя жыцьці палітвязьняў і так званых «эканамічных злачынцаў», палітычныя забойствы...

За тое, што працуем на вайну. За саўдзел у гэтай вайне. За тое, што ў турмах, як калісьці ў нацысцкіх канцлягерах, катуюць тысячы людзей, а мы «ня бачым», не заўважаем.

Не, не цікавіць. Нам самім трэба выжываць, цягнуць сям’ю, працаваць на дзьвюх працах ці то рабіць за мяжою і прывозіць дахаты, у Беларусь, грошы. Ну, і што з таго, што муж працуе дальнабоем у Расеі, а сын вырабляе чыпы для расейскіх дронаў? Па-іншаму — ніяк! Нам жа ж трэба выжываць!

Відаць, прыкладна так думаў і просты нямецкі абываталь, жыхар якогасьці Мангайму, пакуль не давялося хавацца па сутарэньнях ад бомбаў саюзнае авіяцыі.

І потым пакрыўджана крывіў вусны: «Не, ну а мяне за што? Чаму зруйнавалі мой горад, мой дом? Чаму пазбавілі ўсяго? Я ж не ваяваў, не забіваў людзей, ня быў замяшаны ў злачынствах. Я проста жыў сабе, хадзіў на працу, на завод Mercedes, зарабляў грошы, утрымліваў сям’ю, гадаваў дзяцей, думаў пра іхную будучыню... Якая несправядлівасьць!».

Таго, хто старанна не заўважае несправядлівасьць, яна ўрэшце дагоніць бумэрангам. Так было заўсёды, і так будзе. І нічога тут ня зробіш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)