Вольскі: «Выходзіць, што мы вытрымліваем вар’яцкія правілы гульні»

Некаторыя беларусы, маючы гуманітарны ВНЖ, працягваюць ездзіць у Беларусь і ў выніку баяцца хадзіць на пратэсныя акцыі і беларускія культурныя мерапрыемствы за мяжой, жывуць «гэткім непаўнавартасным баязьлівым жыцьцём толькі дзеля таго, каб некалькі разоў на год наведаць РБ». Ці варта яно таго? Разважае Лявон Вольскі на Budzma.org.

Лявон Вольскі. Фота: Darya Kaliada

Балючая тэма

Калісьці я пісаў пра тое, што, можа быць, ня варта езьдзіць у Беларусь тым, хто мае гуманітарную візу? Ці то дазвол на жыхарства на падставе гэткае візы.

Бо гуманітарная віза выдаецца чалавеку, якому нешта пагражае на радзіме. Таму з гэтай візай можна нават уладкоўвацца на працу. І шмат чаго яшчэ можна, бо на радзіме гэтая асоба можа зазнаць перасьлед, таму з гуманітарных меркаваньняў ёй дазваляюць жыць і працаваць за мяжой. Напрыклад, у Польшчы.

Тэма гэтая, як высьветлілася, балючая, і беларусы панапісвалі шмат камэнтароў. Хтосьці спрачаўся, што віза не забараняе езьдзіць на радзіму, гэта нідзе не напісана.

Нехта яго аспрэчваў: «Вось вы езьдзіце туды-сюды, а потым чалавеку, які сапраўды будзе мець патрэбу ў гуманітарнай візе, яе не дадуць». Яму адказвалі пра хворую маму і неабходнасьць прывезьці лекі, грошы, пра продаж машыны (кватэры) і шмат розных іншых нагодаў (неабходнасьцяў) наведваньня радзімы... Карацей, тыповы беларускі інтэрнэт-халівар...

Падвышаныя захады бясьпекі

Тым, хто рэгулярна езьдзіць празь мяжу, трэба вытрымліваць падвышаныя захады бясьпекі — не паказвацца на пратэсных акцыях, на культурных мерапрыемствах кшталту кніжнага кірмашу ці канцэрту, бо там можа быць нацыянальная сымболіка, і раптам цябе нехта побач зь ёй сфоткае?

Для праходжаньня мяжы ты мусіш быць крышталёва чысты перад рэжымам РБ. І ты, і твой тэлефон мусяць быць літаральна стэрылізаваныя — ніякага нідзе бел-чырвона-белага, ніякіх камэнтароў і падабаек.

Колькі разоў нам ужо казалі, што ёсьць асобная катэгорыя людзей, і людзі гэтыя любяць нашыя песьні, але не наведваюць канцэрты, каб там раптам не «засьвяціцца», бо яны (а часам нават не яны, а іхнія дзеці (бацькі, сваякі)) рэгулярна езьдзяць у Беларусь, і гэта можа быць для іх кампраматам.

Якім кампраматам?! Ні я, ні мае музычныя праекты пакуль не прызнаныя экстрэмісцкімі!

Не, на канцэртах небясьпечна — там здымаюць і фоткаюць, можа быць сымболіка — лепей устрымацца ад наведваньня.

Ануляваньне візаў і картаў побыту за «нямэтавае выкарыстаньне»

Атрымліваецца, што мы вытрымліваем вар’яцкія правілы гульні — нейкі суд Ёцэвіцкага раёну прызнаў паблік «Коцікі і сабачкі» экстрэмісцкім, і ўсе кідаюцца адпісвацца ад яго, выдаляць з тэлефонаў...

Калі гэта ў Беларусі, дык яшчэ можна зразумець — там усё небясьпечна, нават «Коцікі і сабачкі», але ты жывеш і працуеш за мяжой, у бясьпецы, маеш дазвол на жыхарства, плянуеш мець грамадзянства і жывеш гэткім непаўнавартасным баязьлівым жыцьцём толькі дзеля таго, каб некалькі разоў на год наведаць РБ?

Ня ведаю, можа, яно й вартае таго. Кожны выбірае сам.

Але, прынамсі, у Польшчы ўжо ёсьць выпадкі ануляваньня візаў і картаў побыту за «нямэтавае выкарыстаньне». Лішне казаць, гэтым «нямэтавым выкарыстаньнем» і былі рэгулярныя візыты ў Беларусь.

Але хіба ты нешта растлумачыш чалавеку, які піша ў варшаўскім беларускім пабліку: «Ці спрабаваў хтосьці зь міжнароднай абаронай наведаць Расею? Напішыце ў прыват»?

Нічога не растлумачыш. Яму трэба. І ён паедзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(12)